Рэферэндум падчас вайны. Хроніка праваабаронцаў асноўнага дня галасавання
27 лютага ў Беларусі праходзіць рэфэрэндум аб Канстытуцыі аб унясенні зменаў і дапаўненняў у Канстытуцыю. У спісы для галасавання ўключаныя на 26 тысяч грамадзян Беларусі менш, чым на выбарах 2020 году. Гэта, у асноўным, звязана з палітычнай эміграцыяй, але ўлады не адкрылі ўчасткаў за мяжой, фактычна пазбавіўшы права голаса сотні тысяч беларусаў. Прадстаўнікі апазіцыі ў склад участковых камісій амаль не прайшлі, а прозвішчы сябраў камісій засакрэцілі. На рэферэндуме не будзе назіральнікаў ад АБСЭ, а таксама фактычна адсутнічаюць нацыянальныя незалежныя назіральнікі. На ўчастках ва ўзмоцненым рэжыме працуюць міліцыянты. Рэферэндум праходзіць падчас вайны, якую распачалі 24 лютага ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі і якой беларускія ўлады сталі саюзнікамі агрэсара. Святлана Ціханоўская заклікала ў асноўны дзень галасавання прыходзіць да выбарчых участкаў актыўна выказваць пратэст супраць нападу Расіі на Украіну. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" вядуць хроніку рэферэндума 27 лютага.
Калі ласка, дасылайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» цікавую інфармацыю аб рэферэндуме: факты прымусовага ці калектыўнага галасавання, фотаздымкі з участкаў і іншую інфармацыю, якую вы палічыце важнай.
Тelegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: referendum2022@spring96.org
ЦВК: "Па папярэдніх дадзеных, удзел у рэферэндуме прынялі 5359 471 чалавек, або 78,63% грамадзян, ад агульнай колькасці ўдзельнікаў.
За ўнясенне змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь прагаласавала 4 440 813 чалавек, або 65,16 % ад агульнай колькасці ўдзельнікаў. Супраць — 686 165 чалавек або 10,07 %".
Паведамляецца, што на выбарчых участках Мінска не вывешваюць выніковыя пратаколы галасавання на рэферэндуме:
- Участак №26 і №28;
- Участак №183 — пратаколы не вісяць. Да людзей выйшаў ахоўнік, які сказаў, што ніякіх вынікаў не будзе — "прыходзьце заўтра".
- Участак №31 — падлік галасоў скончаны, камісія з'ехала. На пытанні людзей старшыня камісіі нічога не адказаў: адвярнуўся і сышоў.
- На трох участках у Партызанскім раёне таксама не вывесілі пратаколаў — камісіі сыйшлі.
Без выніковага пратаколу, закрыты падлік галасоў за паўгадзіны: чым скончылася галасаванне на ўчастку на Аршаншчыне
«Праваабаронцам за свабодныя выбары» распавялі, як прайшой рэферэндум на выбарчым участку №63 у вёсцы Андрэеўшчына Аршанскага раёна. Там старшынёй камісіі была абрана Яраслава Дзіваранюк ад БРСМ.
На гэтым участку было зарэгістравана 966 выбаршчыкаў. У асноўны дзень галасавання 27 лютага да 15 гадзін на ім прагаласавала менш за 50% выбаршчыкаў (гэта з датэрміновым і галасаваннем на даму).
Падчас датэрміновага галасавання было зафіксавана, што каля 60% тых, хто галасуе, прымушалі прыйсці на ўчастак кіраўнікі арганізацый і ўстановаў, іншыя наймальнікі. Вядома, што датэрмінова прагаласаваць улады абавязалі ўсіх супрацоўнікаў сілавых структур, супрацоўнікаў бюджэтнай сферы, гандлю, чыноўнікаў, студэнтаў і навучэнцаў і іншых.
На падлік галасоў незалежнага назіральніка не пусцілі. Як распавялі іншыя назіральнікі, празрыстаць падліку галасоў забяспечана не была: адлегласць да стала з бюлетэнямі была каля чатырох метраў, сам стол быў закрыты сябрамі УВК.
Палічылі галасы за 36 хвілін. Пасяджэння па выніках галасавання не праходзіла. Выніковы пратакол вывешаны не быў.
Але праваабаронцам сталі вядомыя «пратакольныя» вынікі з гэтага ўчастка: з 996 чалавек прагаласавлі 840: ў іх «ЗА» — 840, «СУПРАЦЬ» — 60, сапсаваных бюлетэняў —26 (пры правильным падліку — 926).
"Мёртвыя душы" ў спісах
Па інфармацыі брэсцкай "Вясны", 27 лютага паведамляюць пра "мёртвыя душы" ў спісах выбарчых участкаў Брэста. Так, неаднойчы былі заўважаны памерлыя маці і бацькі выбаршчыкаў. Палітвязень, які быў вымушаны пакінуць Беларусь больш за год таму і цяпер знаходзіцца за кратамі ў Расіі, быў у спісе аднаго з выбарчых участкаў Брэста, а на іншых былі ўжо асуджаныя па палітычных матывах.
У Віцебску затрымалі мужчыну, які паставіў два «крыжыкі» на «рэферэндуме». Яго абвінавачваюць у "несанкцыянаваным пікетаванні"
Як паведамляюць віцебскія праваабаронцы, яго абвінавачваюць у несанкцыянаваным пікетаванні па арт. 23.24 КаАП.
26-га лютага мужчына накіраваўся на ўчастак для галасавання ў Першамайскім раёне Віцебску. Паколькі цяпер «тайнае галасаванне» праводзіцца ў кабінках з адчыненымі фіранкамі, дзяжурныя міліцыянты заўважылі, што чалавек фатаграфуе бюлетэнь. Мужчыну затрымалі, і тады заўважылі, што ў ім два «крыжыкі» – адпаведна, ён будзе лічыцца несапраўдным пры падліках галасоў. На думку міліцыі, паставіўшы дзве адзнакі замест адной у бюлетэні для галасавання на «рэферэндуме», грамадзянін зладзіў несанкцыянаваны пікет.
Мужчына затрыманы, суд над ім адбудзецца, меркавана, у панядзелак 28 лютага.
"Ананімнае галасаванне" ў Брэсце
Праваабаронцы брэскай "Вясны" даведаліся пра "ананімнае галасаванне" на ўчастку №6 Ленінскага раёна Брэста (знаходзіцца ў СШ №5).
Адзін выбаршчык, знаходзячыся на ўчастку, бачыў як сябры камісіі выдалі бюлетэнь жанчыне ў масцы, акулярах і шапцы. Пры гэтым, у жанчыны не праверылі пашпарт. Яна толькі назвала сябрам камісіі адрас, а на пытанне "Імя?" Адказала: "Так". Пасля гэтага камісія выдала ёй бюлетэнь і прапанавала распісацца ў часопісе. Потым жанчына накіравалася ў кабінку без штор, а затым і да ўрны.
Пашпарт у замаскіраванай жанчыны не спыталі члены камісіі, у якіх, як стала заведзена на гэтым рэферэндуме, безыменныя бэйджы (замест прозвішча, імя напісана "член выбарчай камісіі"). Аднак выбаршчыкі пазналі ў іх асобаў, якія былі на прэзідэнцкіх выбарах-2020.
Па стане на 18:00 яўка грамадзян на ўчасткі для галасавання складае 74,86 %, — ЦВК.
На выбары — аўтобусам і на дом
Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" паведамляюць, што 27 лютага выбарчая камісія, якая месціцца ў аграгарадку Асінаўшчызна Смаргонскага раёна, арганізоўвае татальнае галасаванне. Так, у вёсцы Гавуці заўважаны скразны абыход дамоў грамадзян, якія датэрмінова не прагаласавалі, са скрынкай для выязнога галасавання, незалежна ад таго, ці прасілі яны праесці галасаванне па месцы жыхарства. Таксама падчас датэрміновага галасавання такім чынам збіралі ў аўтобус для дастаўкі на выбарчы ўчастак. Раніцай 27 лютага медперсанал санаторыя "Бярэзіна" Барысаўскага раёна спыняў каля ўваходу ў сталоўку адпачываючых і патрабаваў спачатку прагаласаваць.
Сфатаграфаў бюлетэнь — затрымалі
У Наваполацку былі затрыманыя на выбарчым участку ўдзельнік стачкі "Нафтана" Віктар Акаевіч і ягоны сын Арцём Акасевіч.
Як сцвярджаюць відавочцы, Віктар сфатаграфаваў свой бюлетэнь. За гэта дзеянні яго затрымалі.
У вёсках Салігоршчыны галасаванне зладзілі наўпрост на вуліцы
У Мінску затрымалі мужчыну, які чакаў сваю чаргу на галасаванне
Праваабаронцам «Вясны» паведамілі, што каля 14:30 Міхаіла Мельнікава забралі наўпрост з ганка школы, дзе размяшчаецца ўчастак №73.
«Ціха падышлі, сказалі: «Спакойна, без панікі» і павялі пад рукі ў аўтазак».
Жонцы, якая прагаласавала, сказалі сыходзіць. Міхаіл нават не паспеў прагаласаваць, бо чакаў на ганку, пакуль разыдзецца чарга ўнутры.
У Баранавічах у 15-16 гадзін на ўчастку для галасавання №10 затрымалі 30-гадовую Кацярыну Губіну. Вядома, што яна з'яўляецца выпускніцай Акадэміі ўпраўлення пры прэзідэнце. Прычына затрыманная і месцазнаходжанне дзяўчыны пакуль невядомыя.
«На Руднянскім участку для галасавання № 27 прадстаўніцам прыгожага полу дораць кветкі напярэдадні 8 сакавіка»
Паведамляецца, што гэта падарунак ад дырэктара філіяла "Великая Раевка" ААТ "Крыніца", дэпутата раённага Савета дэпутатаў Віктара Дамашэвіча.
Па дадзеных ЦВК па стане на 16:00, яўка складае 69,84 %.
Па стане на 17:50 перастаў адчыняцца (сярод шэрагу іншых) сайт Цэнтрывыбаркама, дзе каля гадзіны ночы мусілі апублікавацца папярэднія вынікі рэферэндуму. Адказнасць за блакіроўку сайта бяруць на сябе ўкраінскія хакеры.
Беларускія ўлады працягваюць закатваць святы на выбарах
Вось такая атмасфера сёння была на выбарчых участках на Стаўбцоўшчыне: на Заямнаўскім участку для галасавання № 22 і Цэнтральным участку №4. Спяваць ансамблі паставілі наўпрост каля выбарчых урнаў.
38 чалавек закінулі на «суткі» перад рэферэндумам. Прэвентыўныя затрыманні пачаліся яшчэ за два тыдні
Па інфармацыі праваабаронцаў «Вясны», мінімум 38 чалавек былі адвольна затрыманыя і арыштаваныя перад рэферэндумам. Цяпер за кратамі знаходзяцца мінімум 21 мужчына і 17 жанчын. З сярэдзіны лютага прэвентыўныя затрыманні адбываліся па ўсёй краіне. Суддзі прызначалі беларусам ад 7 да 15 сутак адміністрацыйнага арышту.
Вядома, што падчас датэрміновага галасавання на выбарчым участку затрымалі мужчыну паводле арт. 9.11 КаАП (Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне друкаваных матэрыялаў, якія адносяцца да выбараў або рэферэндуму). Але, у выніку, яго арыштавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» па арт. 19.11 КаАП, бо за «знішчэнне» бюлетэня не прадугледжаны арышт.
Безыменныя члены камісіі
Як паведамілі брэсцкай "Вясне" адразу з некалькіх выбарчых участкаў г. Брэста, у членаў камісіі, як звычайна, на грудзях вісяць бэйджы. Але замест прозвішча, імя, на бэйджах напісана "член выбарчай камісіі". А на інфармацыйных стэндах на ўчастках пры гэтым зусім адсутнічаюць спісы членаў камісій.
Нагадаем, раней пасля фармавання камісій, у адкрытых крыніцах не былі апублікаваныя спісы, хто туды ўвайшоў.
Следчым камітэтам узбуджаныя крымінальныя справы за грубае парушэнне грамадскага парадку, супраціў праваахоўнікам і заклікі да такіх дзеянняў падчас рэферэндума
«Цяпер затрыманы больш за 10 арганізатараў, якія заклікалі да экстрэмісцкіх дзеянняў. З падазраванымі працуюць следчыя. Іх дзеянням дадзена прававая ацэнка», — піша ведамства.
Затрыманні на/каля ўчастках
Пасля 14:00 гадзін (час, калі Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў прыйсці на выбарчыя ўчасткі і выказаць пратэст вайне і рэферэндуму) па ўсёй Беларусі пачаліся затрыманні: на выбарчых участках, з плакатамі, тых, хто моўчкі стаяў каля ўчасткаў.
Затрыманні і вобшукі напярэдадні і падчас асноўнага дня галасавання на рэферэндуме
У Баранавічах на выбарчым участку затрымалі Анастасію Чайка. Яе забралі ў ГАУС нібыта для высвятлення асобы, але потым сказалі, што затрымана па адміністрацыйным артыкуле.
Стала вядома пра затрыманне ў Наваполацку Ганны Доі — сябры выбарчай камісіі ўбачылі, што яна сфатаграфавала бюлетэнь.
У Магілёве на выбарчым участку, які размяшчаецца ў школе №42, затрыманы Уладзімір Казловіч.
Каля гімназіі №27 у Мінску затрымалі аднаго мужчыну пасля яго размовы з выбарчай камісіяй. Як выйшаў з гімназіі — падыйшлі міліцыянты і правялі да машыны.
У Светлагорску сёння затрымалі Вадзіма Паветку, які прагаласаваўшы на ўчастку ў СШ №3, проста ішоў па вуліцы.
Наўпрост на ўчастку для галасавання ў Віцебску затрымалі Аляксандра Шашмуру. Прычына затрымання пакуль невядомая.
У інтэрнэце з'явілася відэа, як у мінскай Малінаўцы сябры камісіі ўчастка ў школе №215 у 15:00 выбеглі са школы з дзвюма скрынямі, схаванымі ў пакеты, і хуткім крокам накіраваліся да трэцяга пад'езда дома па адрасе Слабадская, 63.
Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, на ўчастку для галасавання ў СШ №9 у Магілёве пасля просьбы выбаршчыкаў паказаць пратаколы з вынікамі датэрміновага галасавання, члены камісіі выклікалі на іх міліцыю. Прыехалі супрацоўнікі Ленінскага РАУС Цімур Пархоменка і, мяркуючы па апісанні, Васіль Карніенка. Абышлося без затрыманняў. Магілёўцы выказалі сілавікам незадаволенасьць удзелам Беларусі ш вайсковым канфлікце з Украінай, пасля чаго бакі разышліся.
Каля школы №66 на вуліцы Шырокая ў Мінску затрыманы Сяргей Глякаў.
«Пад’ехалі аўтазакі, забіралі мужчын, якія стаялі каля школы. Ён быў з жонкай», — паведамляе відавочца затрыманняў.
У Полацку ў мікрараёне «Марыненка» людзі збіраліся каля школы — міліцыя перапісала дадзеныя і прасіла праходзіць на ўчастак з імі.
У Мінску каля школы №40, дзе размяшчаецца выбарчы ўчастак, затрымліваюць людзей пасля галасавання. Працуе АМАП.
Каля школы №27 ў Мінску затрымалі Рыгора Каменюка і дзяўчыну з плакатам «НЕТ ВОЙНЕ».
У Лідзе затрымалі жанчыну з антываенным плакатам. Затрыманне адбылося ў мясцовым ліцэі.
На выбарчым участку №8 Мінска каля 15:00 затрымалі Антона Залацёнкава. Яго павезлі ў невядомым накірунку на таніраванае аўтобусе. Таксама на гэты ўчастак зайшла дзяўчына з плакатам супраць вайны і не выйшла.
Каля школы №35 у Мінску затрымалі как мінімум чатырох чалавек. Сярод затрыманых — Уладзіслаў Паўторын, Ягор Прус.
Каля гімазіі №6 (вуліца Усходняя), дзе размяшчаецца участак №40, затрымалі мінмум трох чалавек:
"Бегае АМАП, ВВ яшчэ не уехалі адтуль".
Каля гімназіі №6 каля выбарчага ўчастка ў Мінску затрыманая Марыя Дзеранюк.
"Белсат" паведамляе пра затрыманне каля школы №134 у Мінску экс-палітзняволенай Вольгі Калацкай.
У Баранавічах каля школы №10 затрымалі як мінімум некалькі мужчын, пенсіянерку з плакатам "Украіна, мы з вамі" і дзяўчыну. Сярод затрыманых — Віталь Цапкоў, якія стаяў удалечыні і гаварыў па тэлефоне.
У Гродне затрымалі дзяўчыну, якая выйшла на адзіночны пікет.
На ўчастку для галасавання №59 (вул. Чурлёніса) затрымалі хлопца са сцягам Украіны.
Як паведамляюць магілёўскія праваабаронцы, а 15 гадзін каля "Беларускага дзяржуніверсітэта харчавання і хімічных тэхналогій" (былы МДУП) супрацоўнікі АМАП затрымалі і павезлі ў невядомым кірунку пажылую жанчыну. Таксама сілавікі адагналі ад будынка ўніверсітэта, дзе размяшчаецца ўчастак для галасавання, пару з дзецьмі.
Мінчане з выбарчых участкаў паведамляюць, што да некаторых школ у Каменнай Горцы, дзе сабраліся людзі, ужо пад'ехаў АМАП. Людзі не разбягаюцца — спакойна адыходзяць за плот і працягваюць стаяць.
Паведамляецца пра затрыманне ў Мінску Генадзя Шкрэда. Яго вязуць у РУУС Цэнтральнага раёна.
Як перадае Ex-Press, у Жодзіне на выбарчых участках міліцыя затрымлівае тых, хто пасля 14:00 выходзіць з участкаў і стаіць побач. Сярод затрыманых — Наталля Локіць.
На Каралішчэўскім ўчастку для галасавання №69 у РЦАП "Стайкі" затрыманы Канстанцін Шабунін. Прычына затрымання пакуль невядомая.
На 14:00 яўка на рэферэндуме склала 61,91% — ЦВК.
ЦВК сцвярджае, што рэферэндум ужо адбыўся. Паводле афіцыйных дадзеных, па стане на 12:00 яўка грамадзян склала 52,85%.
Няма ў спісе выбаршчыкаў — арганізуюць дадатковы
На ўчастак для гласавання №3, які размешчаны ў будынку Бярэзінскай гімназіі, 27 лютага першай галасуючай стала работніца АЗС “Беларусьнафта” Крысціна Бурая. Але выйшла неспадзяванка — яна зарэгістравана яна ў вёсцы Новіны, дзе і павіна галасаваць. Але сябры ўчастковай камісіі хутка вырашылі праблему: унесли Бурую ў дадатковы спіс галасуючых.
"Праблема вырашана, можна адпраўляцца на работу", — хваляцца карэспандэнты "Бярэзінскай панарамы".
Згодна арт. 21 Выбарчага кодэкса, грамадзяне, якія маюць права ўдзельнічаць рэферэндуме, але не ўключаныя ў спіс па нейкай прычыне, дадаткова ўключаюцца ўчастковай камісіяй у спіс на падставе пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь пры наяўнасці ў ім штампа аб рэгістрацыі па месцы жыхарства на тэрыторыі ўчастка для галасавання, а грамадзяне, зарэгістраваныя па месцы знаходжання, — на падставе пашпарта грамадзяніна Рэспублікі Беларусь і дакумента, які пацвярджае рэгістрацыю па месцы знаходжання на тэрыторыі ўчастка для галасавання.
Не паведамляецца, ці былі выканыя сябрамі камісіі гэтыя ўмовы.
Галасаванне на даму. Нават, калі не просяць
У арт. 54 Выбарчага кодэкса гаворыцца, што ўчастковая камісія абавязана забяспечыць магчымасць удзельнічаць у галасаванні ўдзельнікам рэферэндуму, якія па стане здароўя або па іншых ўважлівых прычынах не змогуць прыйсці ў дзень выбараў, рэферэндуму ў памяшканне для галасавання. Участковая камісія па просьбе ўдзельнікаў рэферэндуму, выказанай у пісьмовай або вуснай форме, даручае не менш чым двум членам камісіі арганізаваць галасаванне па месцы знаходжання гэтых асоб у дзень выбараў, рэферэндуму ў наступным парадку.
Але, як вядома "Праваабаронцам за свабодныя выбары", гэтая норма ўчастковымі камісіі не выконваецца. Так, сябры камісіі з участка №21, што месціцца ў "Каваліцкай сельскай бібліятэцы" ў аграгарадку Кавалічы Старадарожскага раёна раніцай 27 лютага хадзілі па вёсках з урнай і просьбай прагаласаваць, нават, калі іх прасілі не прыходзіць.
У Гомелі выбарчыя камісіі ходзяць па дварах і ўгаворваюць галасаваць тых, хто сядзіць на лавах каля пад'ездаў
27 лютага з урнай на дом ў Бярэзіне прыйшлі да 96-гадовай ветэранкі Вялікай Айчыннай вайны Сафіі Стасевіч. Ва ўмовах, якіх галасавала пенсіянерка, пра тайну галасавання казаць не прыходзіцца.
"Галасую за мір! За мір і за новую Канстытуцыю, якая забяспечвае беларусам годнае і слаўнае жыццё, а нам, пажылым людзям, — шчасліую старасць і клопат. Веру, што неба над Беларуссю заўсёды будзе чыстым і светлым. Шчыра жадаю ўсім дабра і радасці ў жыцці і няхай яго ніколі не азмрочваюць ніякія патрасенні. Веру, што мы заўсёды знойдзем сілы супрацьстаяць любым замахам на нашу свабоду", — кажа ветэранка падчас вайны.
Агітацыя дэпутатамі
Згодна з арт. 45 Выбарчага кодэкса Беларуси, агітацыя па рэферэндуме ў дзень галасавання не дапускаецца. Але, як заўважылі журналісты Zerkalo.io, у афіцыйным тэлеграм-канала Палаты прадстаўнікоў з раніцы публікуюць выказванні дэпутатаў, якія парушаюць гэтую забарону.
"Важна мець асноўны закон, які будзе ўзмацняць нашу дзяржаўнасць, — такое меркаванне Генадзя Давыдзькі публікуе тэлеграм-канал парламента. — Тыя, хто прыйдзе сёння галасаваць з унукамі, у будучыні будуць ўспамінаць аб гэтай падзеі. Цяпер, калі мы бачым, што адбываецца ў свеце, нам так важна мець ахоўны закон, які будзе ўзмацняць нашу дзяржаўнасць, сацыяльную актыўнасць дзяржавы, удзел грамадзян у кіраванні сваёй краінай, — гэта вельмі важна".
"Сёння мы робім вельмі важны крок у кірунку нашага будучага. — лічыць Андрэй Савіных. — Ужо сама падрыхтоўка змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю стала свайго роду маштабнай грамадскай кампаніяй, якая па вялікім рахунку была накіравана на павышэнне палітычнай культуры грамадства. Грамадства прачнулася, стала задаваць пытанні: у якой краіне мы жывем, які дзяржаўны лад мы развіваем, якіх мэтаў мы хочам дасягнуць. Людзі атрымлівалі свае адказы. І гэта не магло не адбіцца на іх палітычнай і грамадзянскай актыўнасці".
"Мы знаходзімся ў пункце гістарычнага выбару нацыі, — меркаванне Віталя Уткіна. — Рэферэндум-гэта магчымасць юрыдычна замацаваць дасягненні нашага пакалення і вектары развіцця нацыі. Калі мы не будзем адзіныя ў сваім выбары: абараняць і развіваць краіну, мы можам яе страціць".
Па беларускіх бальніцах ходзяць з урнамі і ўгаворваюць прагаласаваць
«Дзяржаўная ўстанова, трэба, каб нават пацыенты 100% прагаласавалі», — піша аўтарка здымка.
Па інфармацыі ЦВК, па стане на 10:00 яўка грамадзян склала 46,33%.
Усё па традыцыі — свята і буфет
На ўчастку для галасавання № 1, які размешчаны ў будынку Баброўскага сельвыканкама Крупскага раёна, арганізавана выстава "Алмазны цуд", а на ўчастку № 3, які размешчаны ў будынку Ігрушаўскага сельвыканкама таго ж раёна, працуе выязная экспазіцыя школьнага музея "Гады, абпаленыя вайной".
На ўчастку № 20, што ў Крупскай раённай гімназіі грае музыка, у фае арганізавана дэкаратыўная выстава.
"А яшчэ тут можна прыкупіць выпечку, садавіна, сокі, розныя прысмакі", — піша мясцовая раёнка "Крупскі веснік".
Арганізаванае галасаванне вайскоўцаў
Для таго, каб даказаць, што беларускія вайскоўцы не ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне, telegram-канал Міністэрства абароны 27 лютага апублікаваў фотаздымкі чаргу і галасаванне вайскоўцаў 120-й асобнай механізаванай брыгады.
"Насуперак усім фэйкам ад экстрэмісцкіх тэлеграм-каналаў аб адпраўцы іх ва Украіну, актыўна прымаюць удзел у рэспубліканскім рэферэндуме па зменах і дапаўненнях у Канстытуцыю", — кажуць у ведамстве.
Праваабаронцам стала вядома, што ў некаторых крымінальна-выканаўчых інспекцыях, дзе стаяць на ўліку асуджаныя да "хатняй хіміі" (у тым ліку, і па палітычных матывах) у сувязі з рэферэндумам выхаваўчыя мерапрыемствы і адзнаку перанеслі з нядзелі на панядзелак.
У Лельчыцах з урнамі для галасавання прыходзяць нават да тых, хто ляжыць пад кропельніцай
На рэфэрэндум запрашаюць людзей, якія памерлі год таму
Праваабаронцам стала вядома пра факты запрашэння на рэферэндум людзей, якія ўжо памерлі — так, беларусцы на хатні нумар тэлефанавалі нібыта з выбарчай камісіі і запрашалі на галасаванне яе 85-гадовую маці, якая памерла год таму. Высветлілася, што жанчына ёсць у выбарчых спісах.
Таксама вядома пра выпадак, калі чалавек, які ўжо больш за 10 гадоў недзеяздольны, чамусьці знаходзіцца ў выбарчых спісах.
У Віцебску чальцы выбарчых камісій ходзяць па кватэрах і прапаноўваюць прагаласаваць на месцы
У Віцебску па пад’ездах дамоў ходзяць людзі, якія прадстаўляюцца сябрамі выбарчай камісіі і прапануюць прагаласаваць на месцы — каля дзвярэй кватэры.
Пацыентам мінскіх шпіталяў прыносяць бюлетэні і глядзяць, як яны галасуюць
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома пра факты парушэння тайны галасавання ў другой лякарні Менску. Паведамляецца, што пасля раздачы бюлетэняў пацыентам супрацоўнікі выбарчай камісіі стаяць над людзьмі і глядзяць, хто як галасуе.
Хроніка парушэнняў першага дня датэрміновага галасавання
Другі дзень датэрміновага галасавання: хроніка парушэнняў
"У перапынку паміж кармленнем скаціны". Як у Беларусі арганізавалі датэрміновае галасаванне на 42,93%