"У перапынку паміж кармленнем скаціны". Як у Беларусі арганізавалі датэрміновае галасаванне на 42,93%
24 лютага ваенныя сілы Расійскай Федэрацыі распачалі вайну ва Украіну, якая працягваецца да гэтага часу. Беларусь уцягнутая ў гэтую вайну як саюзнік агрэсара. Але гэта не перашкодзіла беларускім уладам па выніках пяцідзённага галавання заявіць пра характэрна высокую яўку выбаршчыкаў — 42,93%. Гэта лічба нават большая за тую, што была на прэзідэнцкіх выбарах у 2020 годзе — 41,7%. Масавае галасаванне студэнтаў і рабочых, экскурсіі на выбарчых участках, падарункі за галасаванне — "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядаюць, як прайшло ў Беларусі датэрміновае галасаванне.
У навучальных установах масава галасавалі студэнты
Пра масавыя і арганізаваныя галасаванні, калі студэнты выбудоўваюцца ў вучэбны час у чэргі, не хаваюць нават раённыя газеты і сайты райвыканкамаў. Вось так, напрыклад, датэрмінова галасавалі ў інтэрнаце мінскага БНТУ: "перад адкрыццём участка сабралася не менў за 30 чалавек".
"А такую колькасць актыўных грамадзян толькі вітаем", — чамусьці каментуе яўку назіральнік ад камуністычнай партыі Аляксандр Пузік.
Рэктар БНТУ Сяргей Харытончык паабяцаў у асноўны дзень галасавання арганізаваць канцэрт і буфет:
"Мы падрыхтавалі выдатную канцэртную праграму, правядзем нават шахматны турнір! І традыцыйна будзе працаваць буфет. Каб стравы з меню былі максімальна свежымі, з запалу, работнікі нашага цэнтра харчавання выйдуць працаваць у суботу. Такім чынам, да нас можна прыйсці прагаласаваць і смачна паснедаць".
БРСМ арганізаваў нават акцыю "Моладзь галасуе", у межах якой за датэрміновае галасаванне падарункі — канцылярскія прыналежнасці — былі ўрачаны 200 маладым выбаршчыкам з Кастрычніцкага раёна Мінска. Вось так выглядалінавучэнцы каледжа мастацтваў, якія прыйшлі прагаласаваць датэрмінова.
22 лютага, як паведамляе "Слуцкі край", а 10 раніцы на ўчастку для галасавання №20, які размясціўся ў Слуцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы, "досыць шматлюдна". Сюды прыходзяць аддаць свой голас не толькі студэнты-медыкі, але і гараджане па месцы жыхарства. Цікава, што датэрмінова галасаваць студэнты масава прыйшлі ў вучэбны час.
На мінскім участку № 35 у памяшканні механіка-тэхналагічнага прафесійна-тэхнічнага каледжа на датэрміновае галасаванне 25 лютага чэргамі галасавалі навучэнцы гэтай установы.
Адзначаецца, што выбарчым участку № 21 у будынку Барысаўскага дзяржаўнага каледжа, упершыню галасаваць будуць ці ўжо прагаласавалі 90 маладых выбаршчыкаў. Вялікая група навучэнцаў каледжа прыйшла на ўчастак 25 лютага. Хлопцы выказалі сваё меркаванне адносна рэферэндуму і Канстытуцыі. Газета "Адзінства" таксама пахвалілася фотаздымкамі студэнтаў у чэргах.
"Усе прыходзяць з добрым настроем, па арганізацыі галасавання няма ніякіх заўваг. Людзі мэтанакіравана ідуць галасаваць за Беларусь", — каментуе галасаванне назіральніца Зінаіда Ефімава (не ўдакладняецца спосаб яе вылучэння).
З удзелам у галасаванні маладую выбаршчыцу павіншавала і ўручыла памятны сувенір Старшыня ўчастковай камісіі Алена Гаўрыловіч асабіста ўручала падарункі некаторым выбаршчыкам, а таксама праанасавала насычаную святочную праграму ў асноўны дзень галасавання:
"Навучэнцы і творчыя калектывы каледжа пакажуць святочны канцэрт. Будзе прадстаўлены перфоманс прафесій праз правядзенне майстар-класаў, арганізавана выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці. Акрамя гэтага, перад уваходам на выбарчы ўчастак нашымі навучэнцамі і калектывамі будзе арганізавана гулянне. У нас заўсёды цікава, святочна, таму выбаршчыкі прыходзяць сюды з вялікай цікавасцю".
Як піша "Чырвоная Зорка", 25 лютага на ўчастак для галасавання №18, які размешчаны ў будынку Сямёнавіцкай базавай школы, навучэнцы з Уздзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага прафесійна-тэхнічнага ліцэя прыбылі галасаваць групай.
"Паколькі жывуць яны ў інтэрнаце навучальнай установы, маюць тут і часовую рэгістрацыю, таму няма неабходнасці ехаць галасаваць да пастаяннага месца жыхарства".
Ва ўчастковай выбарчай камісіі паведамілі, што кожны з 26 маладых людзей, якія ў гэтыя дні ўпершыню прымаюць удзел у галасаванні, атрымалі падарункі ад БРСМ (нататнік, ручка, шакаладка і віншавальная паштоўка).
"Безумоўна, ім гэты дзень запомніцца".
У гарадской сярэдняй школы № 3 у г. Крупкі пайшлі далей — вучням правялі міні-экскурсію па ўчастку для галасавання. Старшыня камісіі Таццяна Казлоўская расказала вучням, як арганізаваны працэс галасавання. Яна адзначыла, што на ўчастку зарэгістравана больш за 800 крупчан, з іх 6 – упершыню галасуюць.
Студэнт ГрДУ прагаласаваў у дзень 18-годдзя. Але афіцыйна яно наступае на наступны дзень пасля дня нараджэння
Як заўважыў тг-канал "Право имеют", студэнт 1 курса інжынерна-будаўнічага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Мацвей Бацкалевіч прагаласаваў на рэферэндуме датэрмінова 25 лютага. У гэты дзень яму споўнілася 18 гадоў.
"25 лютага 2022 года стаў для мяне знамянальным днём — мне споўнілася 18 гадоў, а значыць, я стаў паўнапраўным грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Так як дата супала з рэспубліканскім рэферэндумам па ўнясенні змяненняў у Канстытуцыю, я вырашыў сумясціць дзве важныя і радасныя падзеі, аддаўшы свой першы голас у дзень свайго паўналецця", — адзначыў Мацвей "Гродзенскай праўдзе".
На самай справе па законе паўналетнім асоба лічыцца на наступны дзень пасля дня свайго нараджэння.
Датэрмінова адпраўлялі галасаваць і вайскоўцаў
Вайскоўцы базы рэзерву танкаў, што размешчаная ў гарадскім пасёлку Урэчча, датэрмінова прагаласавалі 22 лютага.
"Як адзначылі ў вайсковай частцы, гэта [датэрміновае галасаванне] звязана са спецыфікай армейскай службы", — адзначылі за два дні да вайны вайскоўцы.
Датэрмінова галасаваць — супрацоўнікам заводаў і жыхарам інтэрнатаў
На ўчастку № 13 Маскоўскага раёна Мінска ў сярэдняй школе № 80 25 лютага датэрмінова галасаваць прыйшлі супрацоўнікі ААТ "МАПІД", якія пражываюць у інтэрнаце № 3.
"Іх на участку была большасць".
«Минск-Новости» нават паказала, што яны прагаласавалі "ЗА".
У Чэрвені 25 лютага мясцовая раёнка пахвалілася чэргай выбаршчыкаў з ААТ "Раванічы".
Таксама ў Чэрвені 25 лютага адзначылі высокую яўку на датэрміновым галасаваніі жывёлаводаў МТФ Раванічы:
"У перапынку паміж кармленнем скаціны галасуюць жывёлаводы".
«Пакажыце сумачку». Сілавікі правяраюць рэчы людзей на ўваходах на выбарчыя ўчасткі
Як мы раней паведамлялі, з 21 лютага міліцыя працавала ва ўзмоцненым рэжыме ў сувязі рэферэндумам. Пад ахову супрацоўнікаў узяты ўсе выбарчыя ўчасткі. Штодня задзейнічаны 11 тысяч супрацоўнікаў — на кожным участку (іх у Беларусі 5510) дзяжурыць па два супрацоўніка з відэарэгістратарамі.
Як паведамілі выбаршчыкі "Нашай Ніве", то супрацоўнікі на ўчастках даглядаюць рэчы выбаршчыкаў.
«Прыходжу ўчора на працу, і толькі зайшоў у дзверы, як да мяне падыходзяць два міліцыянты. Ведаючы, што многіх любяць забіраць проста з працы, я падумаў: «Ну што ж, прыйшоў і мой час пасядзець ні за што». Аказалася, што ў нас участак для «рэферэндуму», і міліцыянты хацелі праверыць заплечнік, каб я не прынёс якую-небудзь бомбу. Падзяліўся ўражаннямі з калегамі, і ўсе адказалі тое ж самае — вырашылі, што гэта па іх прыйшлі. У цікавы і страшны час жывем», — расказаў сталічны настаўнік.
Іншыя настаўнікі падцвердзілі інфармацыю:
"У нас у школе ўчасткі ёсць, — распавядае настаўніца сталічнай школы. — Але на навучальны працэс гэта не ўплывае. З дыскамфорту — толькі супрацоўнікі міліцыі, якія дзяжураць і сядзяць у настаўніцкай".
А вось настаўніца іншай школы кажа, што для міліцыі ў іх выдзелілі асобны кабінет, таксама асобны для непасрэдна выбарчага ўчастка, такім чынам перакрылі цэлы калідор, дзяцей, настаўнікаў туды не пускаюць%
"На ўваходзе пастаянна дзяжураць два супрацоўнікі, пільна праглядаюць рэчы кожнага выбаршчыка і нашы: "Вы куды? Пакажыце сумачку".
Новае кіраўніцтва прымушае супрацоўнікаў Мінскай гарадской калегіі адвакатаў ўдзельнічаць у рэферэндуме
Як стала вядома «Вясне», у Мінскай гарадской калегіі адвакатаў да супрацоўнікаў настойліва даводзіцца інфармацыя пра тое, што «ўдзел адвакатаў на рэферэндуме строга абавязковы». Таксама ў працоўных чатах юрыстаў папярэджваюць аб тым, каб яны не ўздумалі псаваць бюлетэні на рэферэндуме, і тым больш не пісалі ў сацсетках і чатах «некарэктныя каментары пра сітуацыю ва Украіне».
Нагадаем, 14 лютага гэтага года рашэннем Савета БРКА новым старшынёй Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў стаў Аляксей Швакаў. Яго намесніцай абраная Алена Быліна.
Хроніка парушэнняў першага дня датэрміновага галасавання
Другі дзень датэрміновага галасавання: хроніка парушэнняў