Хроніка парушэнняў першага дня датэрміновага галасавання
22 лютага ў Беларусі пачалося датэрміновае галасаванне на рэферэндуме. Яно будзе праходзіць да 26 лютага. Асноўны дзень галасавання — 27 лютага. Падчас датэрміновага галасавання "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ўжо фіксуюць парушэнні.
Калі ласка, дасылайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» цікавую інфармацыю аб рэферэндуме: факты прымусовага ці калектыўнага галасавання, фотаздымкі з участкаў і іншую інфармацыю, якую вы палічыце важнай. Тelegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: referendum2022@spring96.org |
У Зэльве столік у кабінцы для галасавання паставілі так, каб былі бачныя ўсе дзеянні выбаршчыка
На мінскай «хіміі» зняволеных прымусова адпраўляюць галасаваць датэрмінова
Як стала вядома "Гомельскай Вясне", у ПУАТ №55 у Мінску сядзельцаў прымусова вядуць на датэрміновае галасаванне. У гэтым месцы свае тэрміны адбываюць 13 палітвязняў.
За скаргі на парушэнні падчас рэферэндуму назіральніка з Віцебска выклікаюць у пракуратуру на «прафілактычную гутарку»
Як паведамляе "Белсат", Вадзім Кузьмін зарэгістраваны назіральнікам на рэферэндум ад партыі «Справядлівы свет». Калі ў першы дзень датэрміновага галасавання ён наведаў выбарчыя ўчастакі ў Чыгуначным раёне горада, то адразу заўважыў парушэнні: не вывешаныя спісы сябраў выбарчых камісій, а скрыні для бюлетэняў апячатаныя так, што пралазіць кулак.
У той час, пакуль мужчына пісаў скаргі ў акружную камісію ды пракуратуру, яму паведамілі, што назіраць за выбарчым працэсам ён не зможа. Галоўная прычына — каронавірус. Яму сказалі:
«З-за каронавіруса ў краіне, дзеля вашай бяспекі, для захавання вашага здароўя, мы адмаўляем вам у магчымасці назіраць. Да таго ж у нас на ўчастку ўжо ёсць тры назіральнікі».
Не паспеў Вадзім прыйсці дадому, як яму патэлефанавалі з пракуратуры і запрасілі прыехаць да іх для «прафілактычнай гутаркі». У выпадку, калі ён не прыедзе ў пракуратуру сам, прыгразілі, што пракурорскія супрацоўнікі прыедуць да яго.
Беларусы распавядаюць як іх адпраўляюць галасаваць датэрмінова
Zerkalo.io публікуе гісторыі беларусаў, якія распавядаюць, як іх заахвочваюць да датэрміновага галасавання:
- Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт — студэнтам абяцаюць чатыры выходныя дні, іх здымаюць з пар і прымушаюць ісці на ўчастак. Па словах навучэнцаў: «Адмова не прымаецца»;
- БНТУ — студэнтам абяцаюць выходныя з 25 па 28 лютага, калі абсалютна ўся група прагаласуе датэрмінова. Па словах іншага навучэнца: «ходзяць па інтэрнаце і пагражаюць высяленнем».
- Гродна Азот — гатовыя адпусціць на дзве гадзіны раней, калі прагаласаваць датэрмінова. Тых, хто прапісаны і жыве ў інтэрнатах просяць больш настойліва;
- Брэсцкая дзіцячая абласная бальніца — галоўны ўрач «настойліва раіць прагаласаваць датэрмінова» і нават дазваляе схадзіць на ўчастак у працоўны час;
- Віцебская акадэмія ветэрынарнай медыцыны — «адпраўляюць па 15 чалавек на ўчастак з лекцыі», а потым у якасці ўзнагароды тых, хто прагаласаваў, адпраўляюць дадому.
-
БДМУ — студэнтам абяцаюць выходны ў пятніцу, калі прагаласаваць датэрмінова. Як паведамляе @ruparbdmu, калі студэнты прагаласуюць датэрмінова і напішуць адпаведную заяву на імя дэкана, то атрымаюць выходны ў пятніцу.
Першы жыхар вёскі Старая Беліца Гомельскага раёна, які прыйшоў на датэрміновае галасаванне атрымаў падарунак — здаецца, гэта маласольныя агуркі.
Газета «Вечерний Минск», здаецца, падказвае чытачам, як галасаваць на рэферэндуме
Побач з паведамленнем аб рэферэндуме на вокладцы — словы «Скажи свое „да“!» Тыраж гэтага «спецвыпуску» — 250 000 экзэмпляраў. Мінчане атрымалі яго ў паштовыя скрыні бясплатна.
Немагчымасць на ўсіх участках прагаласаваць з дапамогай ID-карты
З верасня мінулага года ў Беларусі сталі выдавацца біяметрычныя пашпарты і ID-карты. Аднак уладальнікі новага віду дакументаў сутыкнуліся з тым, што не ўсюды ёсць апараты для іх счытвання. Старшыня камісіі на Лагойскім выбарчым участку №4 Яўген Гайдук распавёў, як будзе вырашацца гэта праблема:
"На жаль, у нас няма счытвальнай прылады. Аднак у гэтай няпростай сітуацыі ёсць некалькі выхадаў. Першы: ЦВК дазваляе выдаваць бюлетэнь па іншых дакументах, якія сведчаць асобу, напрыклад, вадзіцельскім пасведчанні. Другі: на ID-карце паказана прозвішча, імя ўладальніка, а ў перыяд правядзення рэферэндуму аддзяленне па грамадзянстве і міграцыі працуе ў рэжыме "на сувязі", што дазваляе членам камісіі ўдакладніць адрас рэгістрацыі выбаршчыка. Гэта, безумоўна, некалькі абцяжарыць працу камісіі, але, як бачыце, бязвыхадных сітуацый не бывае".
Інфармацыя дапаўняецца.