Аналітычная справаздача аб ацэнцы этапа фарміравання ўчастковых камісій па правядзенні рэферэндуму
Экспертная місія па ацэнцы рэферэндуму ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Агульныя высновы
- Участковыя камісіі па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь (далей — УК) — адзін з важных механізмаў правядзення рэферэндуму ў адпаведнасці з міжнароднымі прынцыпамі свабодных і дэмакратычных выбараў і нацыянальным выбарчым заканадаўствам;
- Паводле дзеючага выбарчага заканадаўства, фармаванне ўчастковых камісій адносіцца да кампетэнцыі мясцовых органаў улады;
- Прадстаўнікі апазіцыйных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў у створанай уладамі абстаноўцы ўсеагульнага страху і рэпрэсій не ўдзельнічалі актыўна ў вылучэнні сваіх прадстаўнікоў ва ўчастковыя камісіі, а з вылучаных прадстаўнікоў (42 прадстаўнікі) ніводзін не трапіў у склад камісі;
- Стварэннем участковых камісій з ліку лаяльных прадстаўнікоў праўладных партый, прафсаюзаў і грамадскіх арганізацый завершана падрыхтоўка для правядзення галасавання, цалкам кантраляванага выканаўчай уладай;
- Улады адмовіліся ад стварэння ўчастковых камісій за межамі Беларусі; з улікам шматлікіх абмежаванняў і забарон на перасячэнне мяжы Беларусі і іншых дзяржаў, звязаных з проціэпідэмічнымі мерамі для грамадзян, вялізная колькасць суайчыннікаў будзе пазбаўлена магчымасці ўзяць удзел у рэферэндуме
- Асноўную колькасць вылучэнцаў у склад УК склалі прадстаўнікі пяці праўрадавых арганізацый — РГА "Белая Русь", ГА "Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", РГА "Беларускі саюз жанчын", Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, ГА "Беларускі фонд міру" — і прафсаюзаў, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Усе яны вылучылі 28811 прадстаўнікоў — 95,7% ад прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў і 48,7% ад усіх прэтэндэнтаў на месцы ў камісіях. Роля вылучэнцаў ад палітычных партый застаецца невысокай — 2601 чалавек або 4,4% ад усіх вылучаных;
- Большую частку сябраў УК склалі прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў — 29894 чалавек, або 51,2%. У УК былі ўключаны 98,9% прадстаўнікоў пяці праўладных грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзаў ад агульнай колькасці вылучаных гэтымі суб'ектамі;
- З 42 прэтэндэнтаў ад апазіцыйных партый у склад УК не ўвайшоў ніводзін. У той жа час у УК уключаны 98,1% прадстаўнікоў праўладных палітычных партый ад агульнай колькасці вылучаных. Гэта сведчыць аб захаванні дыскрымінацыйных падыходаў у дачыненні да апазіцыйных палітычных партый і незалежных грамадскіх аб’яднанняў пры фармаванні выбарчых камісій; упершыню ў гісторыі незалежнай Беларусі апазіцыя ўвогуле не прадстаўлена ў выбарчых камісіях.
Files
- spravazdacha_0802_bel.pdf (1.32 Mb)