Другі дзень датэрміновага галасавання: хроніка парушэнняў
23 лютага ў Беларусі працягваецца датэрміновае галасаванне на рэферэндуме. Яно будзе праходзіць да 26 лютага. Асноўны дзень галасавання — 27 лютага.
У першы дзень датэрміновага галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме яўка грамадзян па інфармацыі ЦВК склала 6,19%. У Брэсцкай вобласці атрымалі бюлетэні 6,26 %, грамадзян ад агульнай колькасці ўключаных у спісы ўдзельнікаў рэферэндуму, у Віцебскай – 6,37%, у Гомельскай-8,75 %, у Гродзенскай – 4,14%, у Мінскай – 6,38%, у Магілёўскай – 5,08%, у г.Мінску – 5,58%.
Падчас датэрміновага галасавання "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ўжо фіксуюць парушэнні.
Калі ласка, дасылайце кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» цікавую інфармацыю аб рэферэндуме: факты прымусовага ці калектыўнага галасавання, фотаздымкі з участкаў і іншую інфармацыю, якую вы палічыце важнай. Тelegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: referendum2022@spring96.org |
У Магілёве “хімікаў” масава адпраўляюць галасаваць датэрмінова
Вядома, што ў ПУАТ №43 (магілёўская «хімія») дзе адыбваюць свае тэрміны 20 палітзняволеных, у першы дзень датэрміновага галасавання «хімікаў», якія былі не задзейнічаны на працы, вадзілі галасаваць на рэферэндуме. 23 лютага адміністрацыя сказала прагаласаваць тым, хто на працы. Хо не зможа самастойна схадзіць — падвязуць.
На Нарацкім выбарчым участку галасуюць без адрыву ад вытворчасці?
Раённая газета «Нарачанская Зара» апублікавала фота галасавання 23 лютага з Нарацкага сельскага ўчастка для галасавання №9. На ім 11 супрацоўнікаў Нарацкага вытворчага ўчастка Маладзечанскага малочнага камбіната (многія з іх у працоўнай форме) стаяць у чарзе да галасавання.
Кіраўніцтва "Беларуснафты" праз вайбер просіць работнікаў прагаласаваць датэрмінова
Кіраўніцтва вытворчага аб'яднання “Беларуснафта” рассылае у вайберы паведамленні сваім работнікам у Рэчыцы і Светлагорску аб тым, што яны павінны схадзіць на выбарчыя ўчасткі і прагаласаваць датэрмінова. Пасля гэтага адсправаздачыцца перад тым, ад каго атрымалі гэтае паведамленне, верагодна перад сваім непасрэдным начальствам.
Апроч таго, паведамляецца, што выклікаюць на гутаркі і патрабуюць тлумачэнняў ад работнікаў, чаму яны пад час прэзідэнцкіх выбараў галасавалі ў асноўны дзень галасаваньня, а не датэрмінова.
У Бабруйску затрыманы Іван Манько
Папярэдне, затрыманне хлопца звязанае з «прэвентыўнай зачысткай» з-за рэферэндума, паведамляе @bobruisk_online. Пра далейшы лёс Манько пакуль нічога невядома.
Трэнд галасавання - поўная празрыстасць волявыяўлення
На выбарчым участку ў Слоніме столікі ў кабінках для галасавання таксама ўсталяваныя збоку.
Камісія і іншыя выбаршчыкі, якія стаяць у чарзе, пры жаданні могуць паглядзець як галасуе чалавек.
Вялікая Бераставіца: тэма нумар адзін - датэрміновае галасаванне
На Гарадзеншчыне ў Вялікай Бераставіцы мясцовая раённая газета інфармуе пра небывалы энтузіазм насельніцтва на датэрміновым галасаванні на так званым “рэферэндуме”. Так 22 лютага на сайце выдання з’явілася ажно 5 тэматычных матэрыялаў.
У адным матэрыяле расказваецца пра тое, што “волонтеры БРСМ оказывают помощь маломобильным, слабовидящим и пожилым избирателям”. Газета таксама сцвярджае, што “досрочное голосование – это уже традиция, которая себя давно зарекомендовала в обществе. Для многих гораздо удобнее сделать свой выбор не в воскресенье, а в течение рабочей недели”.
«У высокай яўцы сумнявацца не даводзіцца»
Раённая газета «Бярэзінская панарама» пад загалоўкам «У высокай яўцы сумнявацца не даводзіцца» прыводзіць лічбы на ўчастку для галасавання №4, які размешчаны ў будынку СШ №3 у Беразіно: за 20 хвілін прагаласавалі больш за 10 чалавек.
Старшыня ўчастковай камісіі Ала Дудко адзначае, што «першыя жадаючыя з’явіліся як толькі была апламбіравна ўрна». На фота раёнкі бачна, што галасаваць прыйшлі жанчыны ў працоўных фартуках без верхняй вопраткі, што можа сведчыць пра тое, што гэта супрацоўніцы школы, дзе месціцца ўчастак для галасавання, галасуюць у працоўны час.
Юрый Васкрасенскі "пайшоў у народ", агітаваць за рэферэндум
Кіраўніцтва наваполацкага ОАО "Нафтан" арганізавала сустрэчу з былым палітвязнем, а зараз кіраўніком праўладнага „Круглага стала дэмакратычных сілаў” Юрыем Васкрасенскім.
Выступаючы перад працоўным калектывам Васкрасенскі агітаваў галасаваць “За!” на рэферэндуме за змены ў Канстытуцыю.
У МДУ ім. Куляшова куратары груп запісваюць, калі студэнты павінны схадзіць на рэферэндум
Адразу некалькі студэнтаў з розных факультэтаў Магілёўскага дзяржуніверсітэта паведамілі MAYDAY TEAM, што куратары груп абзвоньваюць студэнтаў і ўдакладняюць, ці пойдуць яны галасаваць на рэферэндум і калі, пасля чаго пазначаюць дадзеныя сабе.
Таксама адна з крыніц распавяла, што падчас традыцыйнай практыкі іншагароднім студэнтам "рэкамендавалі" праходзіць яе ў Магілёве, а не па месцы пастаяннай прапіскі ў іншых населеных пунктах.
Студэнты Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта, каб прагаласаваць датэрмінова, сталі ў чаргу
«Віцьбічы» апублікавала фотаздымкі студэнтаў з першага дня датэрміновага галасавання. На адным з фота з участка для галасавання №35 Кастрычніцкага раёна Віцебска можна заўважыць восем студэнтаў і студэнтак у чарзе на галасаванне.
Таксама паведамляецца, што па ініцыятыве рэктара прагаласаваўшым студэнтам урычылі падарункі: нататнікі, паштоўкі, насадкі.
Адным радком
Начальнік цэха №14 завода “Палімір” вытворчага аб'яднання "Нафтан" А. Сафоненка 23 лютага даў заданне начальнікам участкаў падаць спісы тых, хто і ў якія дні будзе галасаваць датэрмінова.
Старшыня Зэльвенскага райвыканкама ў працоўны час схадзіў прагаласаваць датэрмінова, каб «разгрузіць сябраў камісіі»
«Вырашыў прагаласаваць датэрмінова, каб нядзелю правесці з сям'ёй, а таксама разгрузіць сябраў камісіі, якім у асноўны дзень трэба яшчэ арганізаваць галасаванне і дома. Да таго ж у пандэмію лепш за ўсё засцерагчы сябе ад вялікай колькасці людзей, тым больш такая магчымасць падаецца», — сказаў Дзяніс Альшэўскі.
Мяркуючы па ўсім, прагаласаваў кіраўнік раёну ў свой працоўны час — як паведамляе раёнка, Альшэўскі быў адным з першых выбаршчыкаў на участку, які адкрываецца ў 10:00.
У Палацы культуры металургаў у Жлобіне 23 лютага прайшоў канцэрт “У падтрымку рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь”. Пасля лекцыі прапагандыстаў адбыўся выступ спевака Уладзіміра Ухцінскага і гурта "СССР". Гурт "праславіўся" сваімі выступамі на акупаванай тэрыторыі Данбаса.
Ініцыятар канцэрта - "Клуб вялікага спорту" пры падтрымцы Упраўлення справамі прэзідэнта.
У «хімікаў» перад галасаваннем забіраюць тэлефоны, каб яны нічога не змаглі сфатаграфаваць
Як стала вядома праваабаронцам, учора прымусова адправілі галасаваць зняволеных ПУАТ №39 у Крупках. Там свае тэрміны адбываюць 11 палітвязняў. Перад тым як адправіць людзей на ўчастак у іх забіралі мабільныя тэлефоны, каб яны не змаглі нічога сфатаграфаваць.
Прафсаюзны кіраўнік заганяе працаўнікоў "Хімвалакна" на датэрміновае галасаванне
Старшыня прафкама ВА "Хімвалакно" Некрашэвіч 23 лютага хадзіў па цахах прадпрыемства і агітаваў за тое, каб рабочыя йшлі на датэрміновае галасаванне. Начальнікі цэхаў адпускаюць работнікаў з паловы змены (раней за дзе гадзіны, а зараз атрымліваецца за 4 гадзіны да заканчэння працы) толькі дзеля таго, каб яны схадзілі і прагаласавалі датэрмінова. Працаўнікі абураюцца і не хочуць увогуле удзельнічаць у гэтым шоу.
Інфармацыя будзе дапаўняцца.