Віцебскі праваабаронца, які знаходзіцца за мяжой, просіць ЦВК і МЗС вярнуць яму права ўдзельнічаць у рэферэндуме
Праваабаронца з Віцебска Павел Левінаў, які знаходзіцца цяпер не ў Беларусі, звярнуўся ў Міністэрства замежных спраў і Цэнтравыбаркам з нагоды парушэння яго права ўдзельнічаць у рэферэндуме. Вось як ён гэта аргументуе.
Прэс-сакратар МЗС Рэспублікі Беларусь Анатоль Глаз на пытанне карэспандэнта АНТ 2 лютага заявіў, што, на думку МЗС, шэраг кіраўнікоў прынялі "абсалютна лагічнае і абгрунтаванае рашэнне не ўтвараць участкі ў сувязі з няўпэўненасцю ў забеспячэнні іх бяспекі з боку ўлад краін знаходжання". Такі крок ён абгрунтаваў тым, што гэта ніякім чынам не перашкаджае канстытуцыйнаму праву грамадзян Беларусі ўзяць удзел у будучым рэферэндуме, бо доля тых, хто галасуе за мяжой, — менш за адзін адсотак, а тыя, хто часова знаходзіцца за мяжой, змогуць прагаласаваць па месцы рэгістрацыі ў Беларусі, тыя, хто стала пражывае за мяжой з пашпартам серыі РР, — на ўчастку для галасавання па месцы часовай рэгістрацыі або месцы апошняга пражывання ў Рэспубліцы Беларусь. Ён таксама нагадаў, што для грамадзян Беларусі абмежаванняў пры ўездзе ў краіну як праз наземныя, гэтак і праз паветраныя пункты пропуску няма.
"Замест таго, каб забяспечыць кожнаму грамадзяніну, у тым ліку які знаходзіцца па-за межамі тэрыторыі Беларусі, канстытуцыйнае права, прадугледжанае міжнароднымі абавязаннямі, свабодна выказаць сваё меркаванне на рэферэндуме, МЗС дыскрымінуе, як мінімум, 1% (70 000) грамадзян па месцы іх знаходжання ў дзень рэферэндуму", — кажа Павел Левінаў.
Праваабаронца спасылаецца на артыкул 37 Канстытуцыі, паводле якога грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права ўдзельнічаць у рашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, гэтак і праз свабодна абраных прадстаўнікоў. А таксама на артыкул 33 Канстытуцыі, які гарантуе кожнаму свабоду меркаванняў і іх свабоднае выказванне. Праваабаронца спасылаецца на Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах і Заўвагі агульнага парадку №25, дзе гаворыцца, што права галасаваць на рэферэндумах падлягае толькі разумным абмежаванням, такім як вызначэнне мінімальнага ўзросту для атрымання права голасу.
"Дзяржавы павінны прыняць эфектыўныя меры для забеспячэння таго, каб усе асобы, якія маюць права голасу, маглі яго ажыццявіць", — сцвярджае ААН
На думку Левінава, ЦВК і МЗС не мелі права абмяжоўваць выбарчыя правы беларусаў, што знаходзяцца за мяжой.
Таксама праваабаронца адзначыў, што Глаз хітруе, калі заяўляе, "што для грамадзян Беларусі абмежаванняў пры ўездзе ў краіну як праз наземныя, гэтак і праз паветраныя пункты пропуску няма".
"Праз наземныя пункты пропуску заехаць можна, але выехаць назад раней за тры месяцы пасля папярэдняга выезду з Беларусі не атрымаецца. У цяперашні час у адзіным паветраным пункце пропуску (аэрапорт Мінск) самалёты з большасці дзяржаваў не толькі не садзяцца, а наогул аблятаюць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.
Глаз не растлумачвае, чаму палітыка МЗС прывяла да няўпэўненасці ў забеспячэнні бяспекі тэрыторый амбасадаў Рэспублікі Беларусь з боку ўладаў краінаў знаходжання", — адзначае праваабаронца.
Павел Левінаў у бліжэйшы час не мае магчымасці пакінуць краіну, у якой цяпер знаходзяцца тысячы грамадзян Беларусі. У сувязі з гэтым ён просіць МЗС і ЦВК прыняць неадкладныя эфектыўныя меры па аднаўленні свайго права на ўдзел ў рэферэндуме, якое гарантаванае міжнароднымі абавязаннямі, Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь.
Праваабаронцы: Гарантуйце беларусам права ўдзельнічаць у рэферэндуме, незалежна ад іх месцазнаходжання