Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Праваабаронцы: Гарантуйце беларусам права ўдзельнічаць у рэферэндуме, незалежна ад іх месцазнаходжання

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Цэнтральная камісія па выбарах і рэферэндуму 2 лютага заявіла, што за межамі Рэспублікі Беларусь не будуць утвораныя ўчасткі для галасавання на рэспубліканскім рэферэндуме. Прычыны — "эпідэміялагічная сітуацыя, немагчымасць забяспечыць дастатковы ўзровень бяспекі пры арганізацыі галасавання, а таксама адсутнасць неабходнай колькасці грамадзян на консульскім уліку". У сувязі з агучанымі планамі ўладаў адмовіцца ад стварэння ўчасткаў для галасавання за межамі Беларусі кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заяўляе наступнае.

Дадзенае рашэнне, відавочна, ідзе насуперак як з міжнароднымі абавязальніцтвамі Беларусі, так і з дзеючай Канстытуцыяй і Выбарчым кодэксам. Як замацавана ў артыкуле 25 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, кожны грамадзянін павінен мець без якой бы там ні было дыскрымінацыі і без неабгрунтаваных абмежаванняў права і магчымасць: a) прымаць удзел у вядзенні дзяржаўных справаў як непасрэдна, так і праз дапамозе свабодна выбраных прадстаўнікоў; b) галасаваць і быць абраным на сапраўдных перыядычных выбарах, якія ажыццяўляюцца на аснове ўсеагульнага роўнага выбарчага права пры таемным галасаванні і забяспечваюць свабоднае волевыяўленне выбаршчыкаў. На дзяржаве ляжыць пазітыўны абавязак прыняць разумныя меры для забеспячэння магчымасці выбаршчыкам рэалізаваць сваё права.

Ніякіх зразумелых і прымальных аргументаў для пазбаўлення сотняў тысяч беларусаў права голасу ўладамі не прыводзіцца. Довад аб невялікай колькасці грамадзян Беларусі на консульскім уліку неабгрунтаваны. Пасля падзей жніўня 2020 колькасць беларусаў, якія выехалі ў іншыя краіны, значна павялічылася, раней жа выбарчыя ўчасткі пры пасольствах адкрываліся ва ўсіх электаральных кампаніях.

Артыкулам 76 Канстытуцыі ўстаноўлена, што рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і тайнага галасавання. У рэферэндумах удзельнічаюць грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія валодаюць выбарчым правам. Такім чынам, і Канстытуцыя, і Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах выразна і недвухсэнсоўна замацоўваюць, што ўсе грамадзяне маюць права ўдзельнічаць у рэферэндуме без якой-небудзь дыскрымінацыі, у тым ліку па прычыне часовага знаходжання за межамі краіны.

Выбарчы кодэкс, развіваючы нормы Канстытуцыі, устанаўлівае толькі парадак правядзення рэферэндуму. Ён безальтэрнатыўна прадугледжвае ў артыкуле 18, што ўчасткі за межамі Рэспублікі Беларусь утвараюцца, а не могуць быць утвораны, адначасова ўстанаўліваючы толькі парадак іх стварэння. Гэта значыць стварэнне або нестварэнне ўчасткаў для галасавання за межамі Беларусі не з'яўляецца жаданнем кіраўніка таго ці іншага дыпламатычнага прадстаўніцтва або кіраўніцтва Міністэрства замежных спраў.

Калі будзе прынятае канчатковае рашэнне аб адмове ў стварэнні ўчасткаў для галасавання за межамі Беларусі, магчымасці ўдзельнічаць у рэферэндуме і, адпаведна, у рэалізацыі права ўдзельнічаць у вырашэнні найважнейшых пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця, можа быць пазбаўленая значная частка беларускіх выбаршчыкаў, якія па тых ці іншых прычынах будуць знаходзіцца за мяжой падчас рэферэндуму.

У сувязі з адзначаным кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" заклікае ўлады Беларусі адмовіцца ад гэтай пастановы і гарантаваць усім беларускім выбаршчыкам права ўдзельнічаць у рэферэндуме, незалежна ад іх месца знаходжання.


Асноўны дзень усенароднага галасавання па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю адбудзецца 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. На рэферэндум выносіцца толькі адно пытанне: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»

Прапануемыя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю можна знайсці тут.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"