Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Рэаліі рэгіёнаў: удзельнік Усебеларускага народнага сходу супярэчыць сам сабе

Сяргей Гарачоў
Сяргей Гарачоў

Дэлегат шостага Усебеларускага народнага сходу (УНС), старшыня ветэранскай арганізацыі Любанскага сельсавета Вілейскага раёна і мастак Сяргей Гарачоў у агітацыйным тэксце адначасова пахваліў змены ў Канстытуцыю, захапіўся выступам Лукашэнкі і распавёў пра закрыццё прадпрыемстваў у раёне і беспрацоўе.

Тэксты пад тэгамі "Савет ветэранаў" ці "Выслухаем меркаванне ветэранаў" рэгулярна з'яўляюцца ў мясцовых "раёнках" і на сайтах райвыканкамаў па ўсёй краіне. Але экзальтаванае меркаванне Сяргея Гарачова было апублікаванае нават на інтэрнэт-рэсурсе Мінскага аблвыканкама 15 лютага. Жыхар глыбінкі піша, што, заслухаўшы зварот Лукашэнкі да беларускага народа напярэдадні рэферэндуму, ён быў "адназначна захоплены і застаўся неабыякавы да тэзаў і праектаў".

Жыхара сельскай мясцовасці, першым чынам, цікавіла развіццё аграмястэчкаў. У найлепшых традыцыях савецкай прапаганды аўтар адзначае, што "вельмі правільным было рашэнне перагледзець стан вытворчых аб'ектаў, каб мець рэальную карціну таго, што адбываецца".

А далей Сяргей Гарачоў аспрэчвае ўсе дасягненні ўладаў. У аграмястэчку Любань жыве амаль тысяча чалавек, з якіх больш за палову працаздольнага ўзросту. Але толькі нязначная частка ягоных аднавяскоўцаў працаўладкаваная ў Любані. Паводле яго слоў, людзям даводзіцца з'язджаць і шукаць працу ў іншых месцах. Закрыццё прадпрыемстваў са звальненнем супрацоўнікаў Сяргей Гарачоў называе "пастаянным фактам" і прыводзіць у прыклад сітуацыю з мясцовым кандытарскім цэхам — ён быў закрыты, а сямёра ягоных працаўнікоў, як піша аўтар, "папоўнілі войска беспрацоўных". Калі ўсё так і застанецца, прадракае прадстаўнік ветэранскай арганізацыі і дэлегат УНС, беларусаў чакае сацыяльнае ўзрушэнне.

Але далей Сяргей Гарачоў робіць дзіўную выснову: “Па-мойму, лепшага месца для надзейнага старту ў "вёску будучыні" проста няма".

І рэзюмуе тым, што задачай першай дзяржаўнай важнасці было і будзе падвышэнне жыццёвага ўзроўню і дабрабыту беларускага народа. Але як гэтаму будзе спрыяць рэферэндум па змене Канстытуцыі, ён так і не расказаў.

Рэаліі рэгіёнаў: у Беразіно старшыня райвыканкама агітаваў за рэферэндум, а пытанні атрымліваў пра дарогі

Аказалася, што людзей цікавіць далёка не рэферэндум, а надзённыя пытанні.


Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ажыццяўляе экспертную місію па назіранні за рэферэндумам. У сувязі з гэтым просім вас дасылаць нам аўдыё і тэкставую інфармацыю, якая тычыцца падрыхтоўкі да правядзення рэферэндуму, у Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і на Email: referendum2022@spring96.org

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"