Рэаліі рэгіёнаў: у Беразіно старшыня райвыканкама агітаваў за рэферэндум, а пытанні атрымліваў пра дарогі
У Беларусі працягваюцца агітацыйныя сустрэчы, прымеркаваныя рэферэндуму і зменам у Канстытуцыю. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" звярнулі ўвагу, якія пытанні задаюць грамадзяне на агітацыйных мерапрыемствах. Апынулася, што людзей цікавіць далёка не рэфэрэндум, а надзённыя пытанні.
Так, 2 лютага прайшла сустрэча рабочых торфапрадпрыемства "Бярэзінскае" са старшынём райвыканкама Дзянісам Дзішуком. Ён агледзеў торфазавод, пахваліў яго за парадак і прыступіў да стандартнай для такіх выпадкаў агітацыі – дзяржава шмат увагі надае здароўю грамадзян, сацыяльнай палітыцы, а ад кожнага грамадзяніна зараз залежыць будучыня краіны.
На дапамогу кіраўніку раёна прыйшоў і старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Лашкоўскі, які падрабязна распавёў аб навацыях у выбарчай сістэме і статусе Усебеларускага народнага сходу.
Але калі справа дайшла да пытанняў з залы, парадак дня рэзка памяняўся. Аказалася, што рабочых хвалюе не рэферэндум, а рамонт дарог у горадзе і раёне, а таксама ачыстка дарог у сельскай мясцовасці ад снегу. Карыстаючыся выпадкам, рабочыя задалі пытанне кіраўніку раёна, калі нарэшце будзе заасфальтаваная вуліца Чырвонаармейская і калі будзе праведзены рамонт балконаў у дамах па вуліцы Маякоўскага ў Беразіно.
Дзяніс Дзішук быў вымушаны прызнаць праблемы раёна і назваў іх вырашальнымі. Ён паведаміў, што ў ЖКГ ужо ў гэтым годзе быў закуплены дадатковы грэйдэр, а акрамя ДРБУ займацца расчысткай дарог на сваёй тэрыторыі папросяць мясцовыя сельгаспрадпрыемствы. Скончылася абмеркаванне ўжо без ідэалагічнага пафасу.