Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Агітацыю за рэферэндум сістэмна вядзе таварыства "Веды" Вадзіма Гігіна

"Дыялогавая пляцоўка" ў БДУІР 11 лютага
"Дыялогавая пляцоўка" ў БДУІР 11 лютага

Пад кіраўніцтвам вядомага праўладнага прапагандыста Вадзіма Гігіна, які ў цяперашні час узначальвае таварыства "Веды", створаны спецпраект пад назвай "У рэжыме праўды". Яго мэта весці праўладную агітацыю за рэферэндум. Для гэтага яму прадстаўленыя беспрэцэндэнтныя льготы. Раней мы пісалі пра тое, як з падобнымі выступамі "У рэжыме праўды", агітуючы за змены ў Канстытуцыю, па раёнах праехаў Юрый Васкрасенскі, які пазіцыянаваў гэта як ноў-хаў "Круглага стала дэмакратычных сіл". Аднак пазней падобныя мерапрыемствы пад аднолькавай назвай пачалі праводзіцца зусім іншымі лектарамі. У прыклад можна прывесці дыялогавую пляцоўку "У рэжыме праўды" ў БДУІР 11 лютага.

Галоўным спікерам у БДУІР выступіў дырэктар цэнтра сістэм ідэнтыфікацыі Нацыянальнай акадэміі навук Віктар Дравіца. За яўкай выкладчыкаў і іх паводзінамі сачыў прарэктар па навуковай працы ВНУ Віктар Стэмпіцкі, які на "дыялогавай пляцоўцы" казаў пра неактуальнасць старога варыянту Канстытуцыі і неабходнасць зменаў. Віктар Дравіца больш распавядаў пра свае навуковыя дасягненні. Падчас агітацыі за рэферэндум казалі і пра ролю таварыства "Веды". Прапануем узгадаць ягоную гісторыю.

Рэспубліканскае дзяржаўна-грамадскае аб'яднанне "Беларускае таварыства "Веды" вядзе сваю гісторыю з 1 траўня 1947 года, калі ў СССР было прапанавана стварыць Усесаюзнае таварыства па распаўсюдзе палітычных і навуковых ведаў. У СССР "Веды" займалася галоўным чынам антырэлігійнай прапагандай шляхам чытання лекцый і выдання адпаведнай навукова-папулярнай літаратуры. Пасля распаду СССР таварыства "Веды" было самаліквідаванае практычна ва ўсіх былых саюзных рэспубліках, але ў Беларусі засталося. У біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі ёсць запіс аб працы ў якасці адказнага сакратара таварыства "Веды" ў Шклове.

У верасні мінулага года ў крэсла кіраўніка таварыства "Веды" з пасады дэкана факультэта сацыялогіі і сацыяльных навук БДУ перайшоў прапагандыст Вадзім Гігін. Ужо праз месяц Аляксандр Лукашэнка падпісаў Указ №439 "Аб развіцці рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання", якім таварыству прадстаўленыя беспрэцэндэнтныя льготы і магчымасці. "Веды" атрымалі бясплатныя памяшканні, а іхныя "паслугі" на працягу двух гадоў (2021-2022 гг.) дзяржаўныя арганізацыі абавязаныя набываць паводле працэдуры закупкі з адной крыніцы – гэта значыць безальтэрнатыўна.

Сярод задач таварыства "Веды" афіцыйна значацца фармаванне ўсвядомленай грамадзянскай пазіцыі, процідзеянне фальсіфікацыі гісторыі і распаўсюду дэструктыўных ідэалагічных дактрын, распаўсюд інфармацыі пра баявыя подзвігі і працоўныя здзяйсненні беларускага народа і г. д.

Пра маштаб лекцый "У рэжыме праўды" можна меркаваць, калі паглядзець на склад прэзідыума праўлення РДГА "Веды". У яго ўваходзяць кіраўнікі практычна ўсіх асноўных ВНУ краіны: рэктар БДТУ Ігар Войтаў, рэктар Магілёўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Куляшова Дзяніс Дук, прарэктар Гомельскага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта ім. П. Сухога Віктар Кірыенка, загкафедры Віцебскага дзяржаўнага медуніверсітэта Андрэй Кірпічэнка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, рэктарка Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. Пушкіна Ганна Сендэр.


Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ажыццяўляе экспертную місію па назіранні за рэферэндумам. У сувязі з гэтым просім вас дасылаць нам аўдыё і тэкставую інфармацыю, якая тычыцца падрыхтоўкі да правядзення рэферэндуму, у Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і Email: referendum2022@spring96.org

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"