"У рэжыме праўды". Юрый Васкрасенскі агітуе рэгіёны за рэферэндум гісторыямі з СІЗА
Юрый Васкрасенскі са сваёй камандай у снежні-студзені ездзіў па рэгіёнах з агітацыяй за змены ў Канстытуцыю у межах праекта "ў рэжыме праўды". За апошні месяц ён наведаў больш за 35 "дыялогавых пляцовак". Афіцыйны сайт КСДС піша, што сустрэчы Васкрасенскага праходзяць "у абстаноўцы прадказальнага ажыятажу". "Праваабаронцы за свабодныя выбары" коратка распавядаюць, што адбывалася на гэтых сустрэчах.
Напрыклад, у гарадскім пасёлку Плешчаніцы ў Лагойскім раёне Юрый Васкрасенскі ў прысутнасці прадстаўнікоў мясцовай вертыкалі распавёў, як у перадвыбарчую кампанію 2020 года быў ў штабе прэтэндэнта ў кандыдаты Віктара Бабарыка. Таксама ён падрабязна спыніўся на тым, як разам з іншымі членамі штаба ўтрымліваўся каля двух месяцаў у СІЗА і прымаў удзел у "круглым стале" з Аляксандрам Лукашэнкам, калі ў кастрычніку 2020-га той наведаў следчы ізалятар.
Упор падчас абмеркавання зменаў у Канстытуцыю Васкрасенскі і яго каманда робяць на будучыя абавязкі кожнага грамадзяніна клапаціцца пра сваё здароўе – як гэта будзе кантралявацца, і якая чакае чалавека адказнасць. У прыклад прыводзіцца сітуацыя, калі чалавеку трэба прайсці медагляд па пэўных параметрах, але ён адмаўляецца гэта рабіць. Тады, калі на працягу года ён захворвае па адным з тых профіляў, па якім не наведаў лекара, то дзяржава або працадаўца ўжо не будуць аплачваць часовую непрацаздольнасць. Такія новаўвядзенні прадугледжвае новая рэдакцыя Канстытуцыі. Паводле версіі прыхільнікаў Юрыя Васкрасенскага, грамадзяне горача падтрымліваюць гэтую ідэю.
На сустрэчы ў Палескім дзяржаўным універсітэце, як гаворыцца на сайце КСДС, "прысутнічалі прыхільнікі дэмакратычных сіл, якія асудзілі дзеянні збеглых "карысных ідыётаў" і заклікалі да адзінства беларускага народа".
Асноўны дзень усенароднага галасавання па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю адбудзецца 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. На рэферэндум выносіцца толькі адно пытанне: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»
Прапануемыя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю можна знайсці тут.