"ЦВК не валодае паўнамоцтвамі". Што адказаў Карпенка на прапановы "Грамады"
Цэнтрвыбаркам адказаў мінскай гарадской арганізацыі Партыі "Грамада" (БСДГ), сябры якой звярталіся з просьбай прыбраць калізіі падчас падрыхтоўкі да рэферэндуму 27 лютага. Партыйцы звярнулі ўвагу на тое, што памяшканні для агітацыі за і супраць зменаў у Канстытуцыю даюцца не ўсім, а таксама на тое, што інфармацыя пра ўтварэнне ўчасткаў для галасавання публікуецца не адразу. Партыя "Грамада" прасіла ЦВК больш адкрыта асвятляць рэферэндум і даць памяшканні для агітацыі ўсім жадаючым. Вось, што адказаў старшыня камісіі Ігар Карпенка.
"Грамада" звярнула ўвагу на Каляндарны план, які быў прыняты Цэнтрвыбаркам і не спрыяе рэалізацыі правоў суб'ектаў. Паводле Каляндарнага плану рэферэндуму, раённыя, гарадскія выканкамы, мясцовыя адміністрацыі і г. д. не пазней за 1 лютага павінны ўтварыць участкі для галасавання на рэферэндуме і не пазней за 3 лютага палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне шляхам падачы заяў могуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у камісіі на гэтыя ўчасткі. Але ў гэтым жа Каляндарным плане адзначана, што апублікаваць інфармацыю ў друку аб стварэнні гэтых участкаў яны могуць не пазней як у дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння, то бок да 11 лютага.
Карпенка адказаў на заяву "Грамады", што "Цэнтральная камісія не надзеленая паўнамоцтвамі на змяненне нормаў заканадаўчага акта, а таксама яго пашыральнага тлумачэння".
"Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначаюць, што ЦВК насамрэч не можа змяніць норму Выбарчага кодэксу (ВК), але яна можа складаць Каляндарны план так, каб ён не парушаў правоў суб'ектаў, і партыя прасіла ЦВК аказаць садзейнічанне ў рамках ВК.
"Грамада" таксама прасіла ЦВК растлумачыць парадак рэалізацыі агітацыі за прыняцце рашэння, вынесенага на рэферэндум, а таксама супраць прыняцця рашэння, вынесенага на рэферэндум замацаванага ў артыкулам 45 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Карпенка на гэта адказаў, што "парадак і ўмовы правядзення агітацыі па рэферэндуму ўрэгуляваны выбарчым заканадаўствам, а па пытаннях размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў у найбольш наведвальных месцах неабходна звяртацца ў адпаведныя выканаўчыя і распарадчыя органы".
Але, між тым, ЦВК у адпаведнасці з Выбарчым кодэксам заслухоўвае паведамленні дзяржаўных органаў і органаў грамадскіх аб'яднанняў па пытаннях, звязаных з падрыхтоўкай і правядзеннем выбараў, рэферэндуму. Таму незразумела, чаму ЦВК перанакіроўвае партыйцаў у выканкамы.
Ці можна памяшканні для агітацыі ўсім жадаючым і больш галоснасці? "Грамада" звярнулася ў ЦВК
Асноўны дзень усенароднага галасавання па пытаннях занясення зменаў і дадаткаў у Канстытуцыю адбудзецца 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. На рэферэндум выносіцца толькі адно пытанне: "Ці прымаеце вы змены і дадаткі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?"
Прапанаваныя змены і дадаткі ў Канстытуцыю можна знайсці тут.