Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Ці можна памяшканні для агітацыі ўсім жадаючым і больш галоснасці? "Грамада" звярнулася ў ЦВК

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сябры мінскай гарадской арганізацыі Партыі "Грамада" (БСДГ) звярнуліся ў Цэнтральную камісію з просьбай ухіліць калізіі падчас падрыхтоўкі да рэферэндуму 27 лютага. Яны звярнулі ўвагу на тое, што памяшканні для агітацыі за і супраць зменаў у Канстытуцыю даюцца не ўсім, а таксама на тое, што інфармацыя пра ўтварэнне ўчасткаў для галасавання публікуецца не адразу. Партыя "Грамада" просіць ЦВК больш адкрыта асвятляць рэферэндум і даць памяшканні для агітацыі ўсім жадаючым.

А ці можна адразу даведвацца пра сфармаваныя ўчасткі?

Сябры "Грамады" звярнулі ўвагу, што, паводле Каляндарнага плану рэферэндуму, раённыя, гарадскія выканкамы, мясцовыя адміністрацыі і г. д. не пазней за 1 лютага павінны ўтварыць участкі для галасавання на рэферэндуме і не пазней за 3 лютага палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб'яднанні, працоўныя калектывы, грамадзяне шляхам падачы заяў могуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у камісіі на гэтыя ўчасткі.

Але ў гэтым жа Каляндарным плане адзначана, што апублікаваць інфармацыю ў друку аб стварэнні гэтых участкаў яны могуць не пазней як у дзесяцідзённы тэрмін з дня прыняцця рашэння, то бок да 11 лютага.

"Гэта можа стварыць складанасці ў пошуку інфармацыі пра сфармаваныя ўчасткі палітычным партыям, грамадскім аб'яднанням, працоўным калектывам і грамадзянам, якія хочуць вылучыць сваіх прадстаўнікоў у камісіі і назіральнікі на гэтыя ўчасткі".

Таму "Грамада" прапануе замацаваць абавязак тэрытарыяльных камісій публікаваць інфармацыю, якую належыць размяшчаць у друку, у дзень яе прыняцця, таксама на сайтах раённых і гарадскіх адміністрацый і сайтах гарадскіх, раённых і абласных газет.

А ці можна даваць памяшканні для агітацыі ўсім жадаючым?

Таксама сябры "Грамады" звярнулі ўвагу на парадак агітацыі грамадзянамі, палітычнымі партыямі, іншымі грамадскімі аб'яднаннямі і працоўнымі калектывамі за прыняцце рашэння, вынесенага на рэферэндум, а таксама супраць прыняцця рашэння, вынесенага на рэферэндум, замацаваны Артыкулам 45 Выбарчага Кодэкса Рэспублікі Беларусь.

У "Даведніку па рэферэндуме" адзначана, што "масавыя мерапрыемствы па-за памяшканнямі (сходы, мітынгі, пікетаванне) праводзяцца ў адпаведнасці з заканадаўствам аб масавых мерапрыемствах", што пакідае за сабой шэраг пытанняў.

"Грамада" прапануе ЦВК прадугледзець у асобнай пастанове правіла, паводле якога мясцовыя выканкамы па ўзгадненні з адпаведнымі выбаркамамі вызначаюць памяшканні для перадвыбарных сходаў, якія арганізуюцца выбаршчыкамі, на сходы для "агітацыі за прапанову па правядзенні рэферэндуму, за прыняцце рашэння, вынесенага на рэферэндум, а таксама супраць прапановы па правядзенні рэферэндуму, супраць прыняцця рашэння, вынесенага на рэферэндум" і арганізаваць вылучэнне мясцовымі органамі ўлады памяшканняў у гэтых мэтах.

Паводле ч. 13 арт. 45 ВК, пры правядзенні рэферэндуму мясцовыя выканкамы па ўзгадненні з адпаведнымі камісіямі вылучаюць на тэрыторыі ўчасткаў для галасавання месцы, што найбольш наведваюцца грамадзянамі, для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў. У Каляндарным плане такога этапу не прадугледжана, таму сябры "Грамады" просяць ЦВК арганізаваць вылучэнне месцаў для размяшчэння агітацыйных матэрыялаў.


Асноўны дзень усенароднага галасавання па пытаннях занясення зменаў і дадаткаў у Канстытуцыю адбудзецца 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. На рэферэндум выносіцца толькі адно пытанне: "Ці прымаеце вы змены і дадаткі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?"

Прапанаваныя змены і дадаткі ў Канстытуцыю можна знайсці тут.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"