Рэферэндум у Беларусі – не для беларускамоўных?
«Праваабаронцы за свабодныя выбары» звярнулі ўвагу на недасканаласць беларускамоўнай версіі сайта Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенню рэферэндума. Яна не працуе нараўне з рускамоўнай версіяй сайта ЦВК, а ў прыватнасці, адсутнічае актуальны цяпер раздзел «Рэспубліканскі рэферэндум-2022», у якім павінна змяшчацца ўся бягучая інфармацыя па рэферэндуме. Па сутнасці, беларускамоўныя грамадзяне не могуць на сайце ЦВК даведацца пра ход цяперашняй выбарчай кампаніі.
Як і на папярэдняй кампаніі. ЦВК не прыслухалася да заўвагаў праваабаронцаў
Што характэрна, падчас выбарчай прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе гродзенскія назіральнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” звярталіся ў ЦВК з лістом, у якім указалі на недапушчальнасць дыскрымінацыі беларускай мовы, а таксама беларускамоўнага выбаршчыка па моўнай прыкмеце на сайце ЦВК.
Гарадзенскія праваабаронцы паскардзіліся ў ЦВК на ЦВК з-за дыскрымінацыі беларускай мовы
Праваабаронцы прапаноўвалі стварыць і мець на афіцыйным сайце беларускамоўнай версіі банер “Выбары 2020” па-беларуску і напаўняць яго інфармацыяй менавіта на беларускай мове. Але гэтага не адбылося ні тады, ні цяпер.
Што беларусам недаступна на беларускай мове
У рускамоўным раздзеле «Рэспубліканскі рэферэндум-2022» змяшчаецца агульная інфармацыя пра ход выбарчай кампаніі (каляндарны план, формы дакументаў, вытрымкі з заканадаўства), пастановы і дапаможнікі ЦВК, інфармацыя пра камісіі па рэферэндуму (парадак вылучэння і звесткі пра іх склад) і назіранне. Гэта ўсё адсутнічае на сайце ЦВК на беларускай мове. Усе сацыяльныя сеткі і мэсэнджэры Цэнтральнай камісіі, дзе цяпер у асноўным публікуюцца навіны пра рэферэндум і падрыхтоўку да яго, таксама вядуцца выключна на рускай мове.
"На кожным рэсурсе будзе змяшчацца дакладная і аператыўная інфармацыя аб дзейнасці Цэнтральнай камісіі, прынятых рашэннях, а таксама аб іншых важных пытаннях, што датычацца кампетэнцыі Цэнтральнай камісіі", – адзначаецца на сайце ЦВК "дакладнасць і аператыўнасць", але не даступнасць інфармацыі.
Праблемы інфармацыйнага забяспечання, у тым ліку, на беларускай мове назіраюцца і ў рэгіёнах. Напрыклад, пра Брэстчыну можна прачытаць тут:
Інфармацыйнае забеспячэнне рэферэндуму на Брэстчыне кульгае на абедзве нагі
У Беларусі маецца афіцыйны пераклад на беларускую мову Выбарчага кодэкса, але непасрэдныя выканаўцы – у дадзеным выпадку супрацоўнікі ЦВК – не выконваюць яго і ігнаруюць праблему дыскрымінацыі беларускай мовы.
Таксама, як адзначаюць «Праваабаронцы за свабодныя выбары», на цяперашні момант увесь дакументаабарот па рэферэндуме адбываецца выключна на рускай мове, негледзячы на тое, што артыкул 17 Канстытуцыі гарантуе роўнасць беларускай і рускай моваў.
Асноўны дзень усенароднага галасавання па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю адбудзецца 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. На рэферэндум выносіцца толькі адно пытанне: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»
Прапануемыя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю можна знайсці тут.