Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Хітрыкі Захаду як прычына рэферэндуму. Пра што кажуць на "дыялогавых пляцоўках" па зменах у Канстытуцыю

Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Генадзь Ляпуноў
Старшыня Беларускага прафсаюза работнікаў будаўніцтва і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Генадзь Ляпуноў

У студзені на прадпрыемствах у розных установах прайшлі лекцыі чыноўнікаў і дэпутатаў, на якіх яны агітавалі прысутных за змены ў Канстытуцыі на будучым рэферэндуме. Кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" перадалі аўдыязапіс з аднаго такога сходу, які праводзіў старшыня Беларускага прафсаюзу работнікаў будоўлі і прамысловасці будаўнічых матэрыялаў Генадзь Ляпуноў 10 студзеня ў камунальным унітарным прадпрыемстве "Мінскпраект". Распавядаем, пра што вялася гаворка на гэтай "дыялогавай пляцоўцы" па канстытуцыйных зменах напярэдадні рэферэндуму.

Палітычную сітуацыю ў Беларусі па-ранейшаму вызначаюць прэзідэнцкія выбары ў жніўні 2020 года і масавыя пратэсты, што распачаліся пасля іх. Аднак лектары, якія агітуюць за рэферэндум, гэтага прызнаваць не спяшаюцца. Прыкладам можа служыць выступ на "дыялогавай пляцоўцы" старшыні прафсаюзу будаўнікоў Генадзя Ляпунова.

Спярша ён павіншаваў усіх з мінулымі святамі і адзначыў, што ў праектнага інстытута ёсць аб'ём прац, а гэта галоўнае. І адразу ж перайшоў да мэты свайго візіту. 

"Сёння фактычна ідзе глабальны перадзел свету, і мы гэта бачым асабліва ў апошнія гады", — заявіў лідар галіновага прафсаюзу.

Заходнія краіны, паводле версіі Генадзя Ляпунова, вядуць "агрэсіўную палітыку, накіраваную на пашырэнне сваёй зоны ўплыву". Гаворка ідзе пра тое, каб паставіць невялікія дзяржавы, такія як Беларусь, пад знешняе кіраванне. Таксама ён заўважыў, што санкцыі супраць краін можа ўводзіць толькі Савет бяспекі ААН, а "не нейкія там Еўрасаюзы". А што да Амерыкі, то, спасылаючыся на аднаго з расійскіх аглядальнікаў, чыноўнік заявіў, што "пакуль ёсць краіны, якія не згодныя з палітыкай ЗША, заўсёды будуць і санкцыі, і войны, і каляровыя рэвалюцыі".

Апошнія гады, працягнуў сваю прамову Генадзь Ляпуноў, ідзе агрэсіўнае навязванне нашай краіне чужых беларусам ідэалогій і падыходаў ва ўсіх сферах — ад культуры і гісторыі да эканомікі. І тут гаворка ідзе пра спробы Захаду сказіць гісторыю Вялікай Айчыннай вайны, разбурыць традыцыйны інстытут сям'і, прымусіць адмовіцца ад выбудаванай у краіне мадэлі сацыяльнай абароны і падтрымкі шматдзетных сем'яў. Захад усё хоча перавесці на камерцыйную аснову, і ў гэтай сувязі ў Канстытуцыю прапанавана ўнесці змены і дадаткі, якія будуць гарантаваць абарону ад вонкавых выклікаў.

Што тычыцца сям'і, Генадзь Ляпуноў сцвярджае, што сёння з боку Захаду ідзе вельмі агрэсіўнае навязванне ідэалогіі, накіраванай на разбурэнне яе традыцыйных інстытутаў. Для абсалютнай большасці беларусаў, лічыць ён, гэта недапушчальна, і Канстытуцыя прадугледжвае норму, што шлюб — гэта саюз жанчыны і мужчыны.

"А на Захадзе даходзіць да абсурду — бацька №1 і бацька №2, там ужо тат і мам няма", — кажа Ляпуноў.

Пад канец свайго выступу ён расказаў, што беларуская мадэль функцыянуе вельмі эфектыўна, але кіраўнік дзяржавы ўсё ж неаднаразова ставіў пытанне аб пераразмеркаванні паўнамоцтваў іншым галінам улады, і такі запыт ёсць і з боку грамадства.

Далей ён без паўз зачытаў адпаведны блок зменаў у Канстытуцыю.

Але самае цікавае пачалося падчас пытанняў-адказаў. Лідар прафсаюзу паказаў, наколькі вялікая прорва паміж ім і моладдзю. Калі прагучала словазлучэнне "грамадзянская супольнасць", ён неадкладна даў сваю трактоўку гэтага паняцця: 

"Грамадзянская супольнасць — гэта працоўныя калектывы. Таму што паняцце грамадзянскай супольнасці — гэта грамадзяне, а ў Канстытуцыі ў аснове ўсяго закладзены грамадзянін Рэспублікі Беларусь — ад слова "грамадзянскае", таму мы дарма на гэтым зацыкліваемся".

У тупік лектара паставіла пытанне, навошта выбіраць Усебеларускі народны сход (УНС), калі ёсць парламент. На гэта Генадзь Ляпуноў выказаў меркаванне, што парламент закліканы прымаць законы, а УНС зможа іх адмяняць. Па зале пракаціўся асцярожны смяшок.

"Вы спыталі — я адказаў", — парыраваў прафсаюзны дзеяч.

Генадзю Ляпунову 62 гады, ён выпускнік Горацкай сельгасакадэміі, ураджэнец Клімавіцкага раёна. Зрабіў кар'еру спярша ў Магілёўскай вобласці, а ў 2006 годзе заняў пасаду намміністра ЖКГ Беларусі. Улічваючы, што сваю прамову ён чытаў па паперцы, можна выказаць здагадку, што падобным лектарам далі тыпавы тэкст для распаўсюду ў працоўных калектывах.


*Поўны аўдыязапіс выступу Ляпунова ёсць у прадстаўнікоў кампаніі.

Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ажыццяўляе экспертную місію па назіранні за рэферэндумам. У сувязі з гэтым просім вас дасылаць нам аўдыя і тэкставую інфармацыю, якая тычыцца падрыхтоўкі да правядзення рэферэндуму, у Telegram: @ViasnaSOS@spring96info і на Email: referendum2022@spring96.org

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"

Рэферэндум падчас "амікрону". У Мінску чыноўнікі збіраюць залы людзей для абмеркавання зменаў у Канстытуцыю

Як заўважылі прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", пры падрыхтоўцы рэферэндуму мінскія чыноўнікі ігнаруюць меры асцярогі і рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе з COVID-19.