Рэферэндум падчас "амікрону". У Мінску чыноўнікі збіраюць залы людзей для абмеркавання зменаў у Канстытуцыю
Як заўважылі прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары", пры падрыхтоўцы рэферэндуму мінскія чыноўнікі ігнаруюць меры асцярогі і рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі аховы здароўя па барацьбе з COVID-19. Работнікаў прадпрыемстваў, студэнтаў, сябраў прадзяржаўных грамадскіх аб'яднанняў у студзені актыўна збіралі на "дыялогавых пляцоўках" абмяркоўваць праект змен і дадаткаў у Канстытуцыю. Напрыклад, сход на "Камунарцы" доўжыўся дзве гадзіны ў зале, дзе адначасова прысутнічалі 150 чалавек. У той час як у Мінскім гарадскім цэнтры гігіены і эпідэміялогіі паведамляюць пра рост распаўсюду "амікрону".
24 і 25 студзеня адміністрацыі ўсіх раёнаў Мінска адрапартавалі аб правядзенні "дыялогавых пляцовак" на прадпрыемствах і ва ўстановах адукацыі. Мерапрыемствы праходзілі ў выглядзе лекцый, на якіх чыноўнікі агітавалі прысутных за змены ў Канстытуцыі на запланаваным рэферэндуме. У той жа час, у гэтыя ж даты медыкі фіксуюць пагражальны распаўсюд штаму "амікрон": паводле афіцыйных звестак, у Мінску да 80% хворых на каранавірус заразіліся "амікронам".
Як заўважылі праваабаронцы, практычна ўсе сходы адбываліся ў актавых залах прадпрыемстваў і ўстановаў. Рассаджванне ў крэслы не было рэгламентаванае, слухачы сядзелі побач, не захоўваючы ніякай дыстанцыі. Масачны рэжым выконваўся паводле жадання прысутных, то бок у большасці выпадкаў не выконваўся зусім.
Напрыклад, вось так праходзіў сход 19 студзеня ў працоўным калектыве кандытарскай фабрыкі "Камунарка" ў Мінску.
Адзначаецца, што "адкрыты дыялог" у зале на 150 чалавек доўжыўся каля дзвюх гадзін.
"Вялікая дружная сям'я "ленінцаў" (жыхароў і працаўнікоў Ленінскага раёна сталіцы) у нязмушанай абстаноўцы абмянялася меркаваннямі".
А 24 снежня навучэнцы "Мінскага дзяржаўнага каледжа тэхналогіі і дызайну лёгкай прамысловасці" з Ленінскай раённай арганізацыяй ГА "Беларускі саюз жанчын" сабраліся абмеркаваць праект змен і дадаткаў Канстытуцыі на мінскім "Камволі". Там нават зладзілі "міні-канцэрт".
Выключэнне па выкананні рэкамендацый СААЗ складаюць толькі медустановы, дзе работнікі найболей інфармаваныя аб мерах асцярогі. Вось як выглядаў сход у адной з установаў аховы здароўя Кастрычніцкага раёна Мінска.