Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выніковая аналітычная справаздача экспертнай місіі па ацэнцы рэспубліканскага рэферэндуму

Экспертная місія па ацэнцы рэферэндуму ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".

Высновы

Падрыхтоўка да рэферэндуму прайшла на фоне глыбокага грамадска-палітычнага крызісу, што распачаўся адразу пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, і найцяжкай атмасферы рэпрэсій супраць нелаяльных уладам грамадзян і арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама напружанага міжнароднага становішча, выкліканага расійска-беларускімі вайсковымі вучэннямі, а пасля і вайсковай агрэсіяй Расійскай Федэрацыі ў дачыненні да Украіны, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі.

Улады не рабілі ніякіх спробаў ухілення ў прававым рэгуляванні выбарчых працэдур фактараў, што пацягнулі надыход поствыбарнага крызісу ў жніўні 2020 года.

Тэкст праекта змен у Канстытуцыю, які ўпершыню анансаваўся ўладамі больш за два гады таму, зрабіўся даступны грамадскасці за месяц да прызначэння рэферэндуму; у гэты перыяд уладамі было арганізавана абмеркаванне прадстаўленага праекта галоўным чынам працоўнымі калектывамі, а таксама на так званых «дыялогавых пляцоўках», арганізаваных з удзелам дзяржаўных органаў і праўладных арганізацый. Такія абмеркаванні не былі празрыстымі і з'яўляліся, па сутнасці, агітацыяй у падтрымку прапанаванага ўладамі праекта.

Працэс абмеркавання змен і дадаткаў у праект Канстытуцыі і разгляду накіраваных прапаноў ніяк не ўлічваў крытычных заўваг і з'явіўся чарговым прыкладам фармальнай практыкі «ўсенароднага абмеркавання», закліканага падмяніць празрыстае і інклюзіўнае абмеркаванне прапаноў розных груп грамадства. У выніку прапанаваныя змены ў Канстытуцыю выклікалі справядлівую крытыку экспертнай супольнасці і грамадзян.

Падрыхтоўка і правядзенне рэферэндуму не адпавядалі шэрагу асноўных міжнародных стандартаў правядзення дэмакратычных і справядлівых электаральных кампаній і суправаджаліся шматлікімі парушэннямі гэтых прынцыпаў і патрабаванняў нацыянальнага заканадаўства. Гэта было абумоўлена, у першую чаргу, атмасферай страху напярэдадні і падчас правядзення рэферэндуму, выкліканай рэпрэсіямі ўлад супраць грамадзян, арганізацый грамадзянскай супольнасці і незалежных сродкаў масавай інфармацыі, адсутнасцю бесстаронніх выбарчых камісій, няроўным доступам да дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі для прыхільнікаў і праціўнікаў змен Канстытуцыі, выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу ў мэтах падтрымкі прадстаўленага на рэферэндум тэксту змен у Канстытуцыю, адвольным пазбаўленнем права прагаласаваць грамадзян, якія знаходзіліся за межамі Рэспублікі Беларусь, шматлікімі фактамі прымусу выбаршчыкаў да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні, закрытасцю выбарчых працэдур для назіральнікаў.

Няспынныя рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, падрыхтоўка і правядзенне рэферэндуму ў атмасферы татальнага страху, а таксама ўвядзенне ЦВК абмежаванняў па колькасці назіральнікаў на ўчастках для галасавання прывялі да адсутнасці незалежнага назірання за ўсімі відамі галасавання (датэрміновым, у дзень выбараў і па месцы знаходжання выбаршчыкаў), а таксама за падлікам галасоў. Гэтыя важныя этапы выбарчай кампаніі прайшлі цалкам непразрыста. Прысутнасць праўладных назіральнікаў на ўчастках і ў камісіях не ў стане змяніць дадзеную ацэнку.

Істотныя парушэнні нацыянальнага заканадаўства і асноватворных прынцыпаў правядзення справядлівых і дэмакратычных выбараў падчас правядзення рэферэндуму, у тым ліку пазбаўленне назіральнікаў магчымасці бачыць падлік вынікаў галасавання, не дае падставаў давяраць вынікам выбараў, агучаным ЦВК, і меркаваць, што яны адлюстроўваюць рэальнае волевыяўленне грамадзян Рэспублікі Беларусь.

Камісіі па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму

Падчас фармавання камісій па правядзенні рэспубліканскага рэферэндуму ўлады ўжывалі дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыйных партый: не ўвайшоў ніводзін з 20 прэтэндэнтаў ад апазіцыйных партый у склад тэрытарыяльных выбарчых камісій і ніводзін з 42 — у склад участковых выбарчых камісій. Гэта першы выпадак за ўсю гісторыю суверэннай Беларусі, калі апазіцыя наогул не была прадстаўлена ў выбарчых камісіях.

Большасць сябраў камісій традыцыйна з'яўляліся сябрамі пяці найбуйных праўрадавых грамадскіх аб'яднанняў: БРСМ, «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, Саюз ветэранаў, Беларускі фонд міру, а таксама прафсаюзаў, што ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Упершыню, у парушэнне выбарчага заканадаўства, склад участковых выбарчых камісій не быў апублікаваны.

Адсутнасць у выбарчым заканадаўстве гарантый уключэння ў склад выбарчых камісій прадстаўнікоў, высунутых усімі палітычнымі суб'ектамі, якія бяруць удзел у выбарах, як і раней, прыводзіць да адвольнага і дыскрымінацыйнага падыходу ў дачыненні да апазіцыйных партый і незалежных вылучэнцаў.

Агітацыя

Фактычна агітацыя ў падтрымку вынесенага на рэферэндум праекта змен у Канстытуцыю не абмяжоўвалася тэрмінамі электаральнай кампаніі — яна пачалася задоўга да прызначэння рэферэндуму. Пры гэтым на падтрымку новага праекта змен у Канстытуцыю ўлады накіравалі ўсе рэсурсы дзяржаўных СМІ, праўладных Telegram-каналаў, ідэолагаў, праўладных экспертаў і чыноўнікаў.

Падчас падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму ўлады шырока выкарыстоўвалі адміністрацыйны рэсурс дзеля агітацыі ў падтрымку праекта змен у Канстытуцыю. Пры гэтым не былі забяспечаны роўныя ўмовы па агітацыі для праціўнікаў і прыхільнікаў вынесенага на рэферэндум праекта змен у Канстытуцыю. Больш за тое, праціўнікі рэферэндуму і праекта змен у Канстытуцыю пераследваліся ўладамі з дапамогай традыцыйных у апошнія паўтара года формаў рэпрэсій: затрыманні, адміністрацыйныя арышты, публікацыя відэа прызнанняў затрыманых праціўнікаў рэферэндуму ў праўладных Telegram-каналах і г. д., правядзенне кампаніі па іх дыскрэдытацыі ў дзяржаўных СМІ.

Заканадаўчыя абмежаванні па правядзенні агітацыйных публічных мерапрыемстваў падчас рэферэндуму, а таксама традыцыйныя праблемы з рэалізацыяй права на мірныя сходы ў Беларусі зрабілі фактычна немагчымым шырокае выкарыстанне сходаў у мэтах агітацыі падчас рэферэндуму.

Датэрміновае галасаванне

У датэрміновым галасаванні, згодна са звесткамі ЦВК, ўзялі ўдзел 42,93% выбаршчыкаў — найвялікая колькасць за ўвесь час правядзення выбарчых кампаній у Беларусі. Фактычна датэрміновае галасаванне ў Беларусі ператварылася ў норму, што не адпавядае патрабаванням ВК, які зыходзіць з таго, што такое галасаванне прадугледжана для выбаршчыкаў, якія не маюць магчымасці знаходзіцца ў дзень рэферэндуму на месцы жыхарства.

Падчас датэрміновага галасавання Кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» сталі вядомыя шматлікія факты арганізаванага, прымусовага галасавання некаторых катэгорый выбаршчыкаў: навучэнцаў, студэнтаў, працаўнікоў прадпрыемстваў, настаўнікаў, вайскоўцаў, дзяржаўных службоўцаў і інш.

Практыка правядзення датэрміновага галасавання працягвае заставацца адной з сістэмных праблем выбарчага працэсу, стварае шырокія магчымасці для выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу і іншых маніпуляцый.

Галасаванне на выбарчых участках і падлік галасоў

Па-ранейшаму застаюцца закрытымі для назіральнікаў спісы выбаршчыкаў на ўчастках. Не створаны адзіны рэестр выбаршчыкаў, што стварае ўмовы для маніпуляцый з яўкай.

У заканадаўстве не прапісаны метад падліку бюлетэняў участковымі камісіямі. Для падліку галасоў не ўжываецца выразная працэдура, пры якой адзнака на кожным бюлетэні абвяшчаецца ўголас з дэманстрацыяй бюлетэня ўсім прысутным сябрам УВК і назіральнікам.

Праз тое, што напярэдадні рэферэндуму ўладамі Беларусі былі створаны ўмовы, якія выключаюць магчымасць свабоднага і бяспечнага назірання за выбарамі, былі ліквідаваны шматлікія арганізацыі, што раней накіроўвалі сваіх назіральнікаў на ўчасткі для галасавання, назіральнікі Кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», а таксама назіральнікі іншых грамадзянскіх ініцыятыў і апазіцыйных палітычных партый былі фактычна пазбаўлены магчымасці назірання за падлікам галасоў. Таму можна сцвярджаць, што вызначэнне вынікаў галасавання адбывалася цалкам непразрыста. Адсутнасць рэальнай магчымасці ажыццяўляць назіранне з'яўляецца парушэннем аднаго з асноватворных прынцыпаў правядзення любога выбарчага працэсу — галоснасці яго правядзення.

Копіі выніковых пратаколаў з вынікамі падліку галасоў не былі вывешаны на значнай колькасці ўчасткаў для галасавання, што разам з адсутнасцю празрыстасці падчас падліку галасоў сведчыць пра імкненне ўлад схаваць фальсіфікацыі вынікаў галасавання і рэальныя лічбы падліку галасоў. Гэта дае ўсе падставы сумнявацца ў праўдзівасці вынікаў галасавання, вызначаных участковымі камісіямі.

Абскарджанне парушэнняў выбарчага заканадаўства

Падчас падрыхтоўкі да рэферэндуму было значна менш зваротаў і скарг па фактах парушэнняў ВК, чым падчас папярэдніх выбарчых кампаній, што можна растлумачыць невысокім узроўнем даверу да выбарчых органаў і судоў, асабліва пасля выбараў прэзідэнта 2020 года. Да таго ж практыка паказвае, што яны не вырашаюць праблемы падчас правядзення выбарчых працэдур і, такім чынам, не з'яўляюцца эфектыўным сродкам абароны парушаных правоў выбаршчыкаў і ўдзельнікаў электаральнага працэсу.

Скаргі ў суды на рашэнні аб утварэнні выбарчых камісій не падаваліся зусім. Старшыня ЦВК Ігар Карпенка 30 сакавіка 2022 года заявіў, што не падаваліся і скаргі на вынікі рэферэндуму. Аднак вядома пра падачу адной скаргі ў Вярхоўны Суд, па якой адмоўлена ў завядзенні справы з прычыны непадведамаснасці, і дзвюх — у раённыя суды, па якіх адмоўлена ў завядзенні справы ў сувязі з пропускам тэрміну на зварот.

Наогул, паводле афіцыйных звестак ЦВК, было пададзена 860 зваротаў, у тым ліку 716 — у ЦВК, 98 — у выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў, і яшчэ 46 — у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы. Звесткі пра змест скаргаў і вынікі іх разгляду не апублікаваны.

Выбарчы кодэкс, як і раней, утрымлівае абмежаваны пералік рашэнняў і дзеянняў, што падлягаюць абскарджанню ў судовым парадку. Не падлягае судоваму абскарджанню, сярод іншага, рашэнне ЦВК аб вызначэнні вынікаў рэферэндуму.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"