Выхавацельніцу асудзілі да трох гадоў «хатняй хіміі» за 16 раздрукаваных улётак пра «два крыжыкі» на рэферэндуме
У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 4 красавіка да трох гадоў «хатняй хіміі» асудзілі 60-гадовую выхавацельніцу ў дзіцячым садку Ларысу Нікалаеву. Яе абвінавацілі па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса за «перашкоду ажыццяўленню права на ўдзел у рэферэндуме, працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісій па рэферэндуме» за раздрукоўку 16 улётак з сайта xx2022.org з агітацыяй за «два крыжыкі» на бюлетэнях на рэферэндуме. Ларыса Уладзіміраўна захоўвала іх у стале на працы ў дзіцячым садку, але на яе напісалі данос і жанчыну затрымалі. Больш за месяц Нікалаеву ўтрымлівалі за кратамі, дзе яна і сустрэла сваё 60-годдзе. Справу разглядала суддзя Ала Скуратовіч, дзяржабвінавачванне падтрымлівала Аксана Саковіч.
У чым абвінавацілі выхавацельніцу?
Згодна версіі абвінавачвання, Нікалаева 10 лютага з выкарыстаннем мабільнага тэлефона, ноўтбука і флэшкарты спампавала ўлёткі з сайта xx2022.org, якія ўтрымлівалі загадзя падрыхтаваны тэкст з заклікамі зрабіць бюлетэні несапраўднымі шляхам галасавання праз псаванне бюлетэняў, наўмыснага ўвядзення грамадзян Беларусі ў зман для стварэння ў апошніх памылковага прадстаўлення звестак аб законнасці псавання бюлетэняў, а таксама раздрукавала гэтыя ўлёткі ў колькасці не менш за 16 штук з мэтай іх распаўсюду, якія былі выяўлены і выняты 10 лютага па месцы працы Нікалаевай у дзіцячым садку. Акрамя гэтага, абвінавачаная 9 лютага адправіла знаёмаму П.Н. Пакацілаву ў тэлеграме публікацыю «Честных людей» ад 27 снежня, у якой ўтрымліваўся заклік распаўсюду гэтых улётак і зрабіць бюлетэні несапраўднымі.
«Дзеянні Нікалаевай былі накіраваныя на перашкоду ажыццяўленню права на ўдзел у рэферэндуме, зрыў рэспубліканскага рэферэндума, перашкоду працы Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, камісій па рэферэндуме.
Сваімі дзеяннямі Нікалаева фарміравала ў грамадзян ілжывыя перакананні аб парадку ўдзелу, правядзення і выніках рэспубліканскага рэферэндуму», — гаворыцца ў абвінавачванні.
На судзе жанчына віну не прызнала.
Што на судзе казала Нікалаева?
Жанчына на працэсе распавяла, што ў снежні мінулага году ў інтэрнэце з’явілася інфармацыя пра парадак удзелу ў рэспубліканскім рэферэндуме ў частцы запаўнення бюлетэні. Паколькі жанчына лепш успрымае інфармацыю ў друкаваным выглядзе, то вырашыла раздрукаваць звесткі для асабістага азнаямлення. Яна спампавала улётку на флэшку і раздрукавала на працоўным прынтары восем лістоў —па дзве ўлёткі на кожным. Па словах Ларысы, яна хацела раздрукаваць толькі адзін экзэмпляр улёткі, але нехта з яе калег раней устанавіў на прынтары значэнне восем экзэмляраў, таму яна раздрукавала менавіта такую колькасць.
Пасля гэтага яна разрэзала улёткі і паклала іх у шуфлядка працоўнага стала. 10 лютага яна ўспомніла пра ўлёткі і збіралася іх аднесці дадому, каб выкарыстоўваць іх для семян раслін, паклала іх у пакет. Аднак у хуткім часе яна была затрыманая супрацоўнікамі міліцыі, якія вынялі ў яе ўлёткі.
Што казалі на судзе сведкі?
Што характэрна, Павел Пакацілаў быў прызнаны пацярпелым па справе. Ён на судзе пацвердзіў, што Нікалаева дасылала яму паведамленне з «Честных людей», але, па яго словах, ён не адкрываў спасылку і не глядзеў паведамленне, паколькі яго гэтая тэма не цікавіла. Па словах мужчыны, абвінавачаная і раней дасылала яму паведамленні «апазіцыйнага характару», але ён іх выдаляў. Пацярпелы на судзе распавёў, што часам з Нікалаевай абмяркоўвалі сітуацыю ў краіне. Ларыса казала яму, што «як адбываецца ў нас у краіне не павінна быць, жыць у такім напружанні немагчыма, трэба нешта вырашаць». На судзе мужчына сказаў, што стараўся не камунікаваць з абвінавачанай на гэтыя тэмы, каб не псаваць адносіны.
На судзе таксама дапыталі супрацоўніц дзіцячага садку, у якім працавала Нікалаева. Так, напрыклад, Ляўковіч распавяла на судзе, што «ёй вядома, што Нікалаева прытрымлівалася пазіцыі, што трэба нешта мяняць у краіне, аднак гэта ніколі не абмяркоўвалася».
Што выступала доказамі супраць Нікалаевай?
Дома ў Нікалаевай знайшлі два магніты з «Пагоняй». У жанчыны выявілі на тэлефоне чат-бот «Платформа голос». Акрамя гэтага, у яе знайшлі перапіску ў Viber з Пакацілавым, дзе Ларыса дасылала яму пераважна навіны «апазіцыйнага характару». Таксама ў Viber жачыны выявілі падпіскі на каналы «Nexta», «Наша Ніва», «Медиазона. Беларусь», «Светлана Тихановская», «Еўрарадыё», «Мотолько помогі», «Адновім Будслаў Разам» і іншыя. У некаторых з іх былі размешчаныя паведамленні аб неабходнасці прыходзіць на рэферэндум і рабіць бюлетэні несапраўднымі.
Таксама доказам віны выступіла «пакаяльнае відэа» Ларысы Нікалаевай, размешчанае ў тэлеграм-канале «ГУБОП». На ім яна казала:
«Они лежали на работе. Я их напечатала. Думала поделиться, но пока не решили, что с этим делать. Поэтому они лежали».
На судзе заслухалі аўдыёзапіс апытання Нікалаевай аператыўнымі супрацоўнікамі (не допыта следчымі), якія запытвалі пра мэту раздрукоўкі ёй улётак:
«Ну может с соседями поговорить. На этот самый. А может и не говорить. То есть я забыла про них и ничего. Не принимала никаких решений. А лежали в пакете, так как я хотела забрать домой, чтобы они не попали никому на работе».
Чым скончылася справа?
Ларыса Нікалаева ўтрымлівалася пад вартай з 23 лютага. Сваё 60-годдзе жачына сустрэла за кратамі. Суддзя Скуратовіч прызнала вінаватай па ч. 2 арт. 191 Крымінальнага кодэкса і прызначыла ёй тры гады абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову («хатняй хіміі»). Жанчыну вызвалілі ў залі суда.
Суд пастанавіў знішчыць 16 улётак. Акрамя гэтага, у Ларысы канфіскавалі тэлефон, ноўтбук і нават флэшку як «сродкі здзяйснення злачынства».