Аналітычная справаздача аб ацэнцы этапа агітацыі
Экспертная місія па ацэнцы рэферэндуму ажыццяўляецца Беларускім Хельсінкскім Камітэтам і Праваабарончым цэнтрам "Вясна" ў межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары".
Агульныя высновы:
- Рэферэндум і звязаныя з ім падзеі застаюцца па-за ўвагай шырокага кола грамадства. Стаўленне да рэферэндуму характарызуецца як «абыякава-варожае», адзначаецца схільнасць да байкатавання. Сярод прычын такога стаўлення называюць агульую напружаную атмасферу ў грамадстве, абумоўленую праблемай эпідэміі COVID-19, няспыннамі рэпрэсіямі супраць грамадзян, пастаянным ростам коштаў на прадукты. Пры гэтым рэферэндум аб прыняцці новага праекта Канстытуцыі актыўна асвятляецца на тэлебачанні, радыё і ў праўладных тэлеграм-каналах. Яшчэ адной тэмай, якая непакоіць людзей, з’яўляецца расейскі вайсковы кантынгент, які застаецца ў Беларусі і ўдзельнічае ў вайсковай аперацыі супраць Украіны;
- Падзеі, звязаныя з рэферэндумам, адбываюцца на фоне рэпрэсій у дачыненні да грамадзянскай супольнасці і ўдзельнікаў мірных сходаў 2020 года;
- Масавыя мерапрыемствы падчас рэферэндума могуць адбывацца толькі са згоды ўладных структур; незалежныя структуры маюць сур’езныя абмежаванні ў магчымасці іх праводзіць. Заканадаўчыя абмежаванні па правядзенні агітацыйных публічных мерапрыемстваў падчас рэферэндума, а таксама агульныя праблемы з немагчамасцю праводзіць масавыя мерапрыемствы з боку апазіцыйных рухаў і звычайных грамадзян, робіць фактычна немагчымым шырокае выкарыстанне сходаў у мэтах агітацыі падчас рэферэндума.
- Афіцыйныя мерапрыемствы, прысвечаныя рэферэндуму, ладзяцца па ўсёй краіне. Сярод іх сустрэчы з кіраўнікамі аблвыканкамаў, дэпутатамі ўсіх узроўняў і інш., дыскусійныя пляцоўкі, канцэрты на прадпрыемствах, публічныя кампаніі;
- Вядома пра шматлікія факты выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу падчас агітацыі;
- Не забяспечаны роўныя ўмовы прыхільнікаў і праціўнікаў рэферэндуму па агітацыі;
- У некалькіх гарадах праходзілі прэвентыўныя затрыманні праціўнікаў вынесенага на рэферэндум праекта Канстытуцыі, грамадскіх актывістаў і ўдзельнікаў мірных сходаў 2020 года;
- Мелі месца выпадкі пераследу грамадзян, якія спрабуюць узяць удзел у назіранні.
Files
- spravazdacha_2702_bel.pdf (0.35 Mb)