Венецыянская камісія незадаволеная папраўкамі ў Канстытуцыю Беларусі
Еўрапейская камісія за дэмакратыю праз права (Венецыянская камісія) падрыхтавала тэрміновае прамежкавае заключэнне па канстытуцыйнай рэформе ў Беларусі. Згодна з ім, праект паправак, які будзе вынесены на рэферэндум 27 лютага 2022 года, "не толькі не здольны ўхіліць моцны дысбаланс паміж галінамі ўлады, замацаваны ў дзейснай Канстытуцыі, але нават можа пагоршыць яго".
Акрамя таго, Венецыянская камісія раскрытыкавала слабы ўдзел парламента ў распрацоўцы паправак, недастатковую празрыстасць працэсу падрыхтоўкі праекта і відавочную адсутнасць рэальнага супрацоўніцтва ўраду як з апазіцыяй у выгнанні, гэтак і з іншымі зацікаўленымі бакамі і грамадзянскай супольнасцю.
У камісіі прыходзяць да высновы, што запланаваныя канстытуцыйныя змены несумяшчальныя з фундаментальнымі дэмакратычнымі каштоўнасцямі Савета Еўропы. У той жа час, нягледзячы на агульную негатыўную ацэнку канстытуцыйнай рэформы ў Беларусі, Камісія не лічыць, што такая не з'яўляецца неабходнай ці непажаданай. Наадварот, яна прапануе ўладам краіны правесці такую рэформу, якая ўхіліла б цяперашні дысбаланс уладаў, увяла неабходныя стрымкі і супрацьвагі і была б арганізаваная ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі.
Паведамляецца, што папярэдняе заключэнне наконт паправак падрыхтаванае ў экстраным парадку — у межах тэрміновай працэдуры, у сціснутыя тэрміны і без правядзення сустрэч з уладамі краіны.
У склад Камісіі ўваходзяць 47 краін-сябраў Савета Еўропы, а таксама Алжыр, Бразілія, Ізраіль, Казахстан, Коста-Рыка, Косава, Кыргызстан, Марока, Мексіка, Перу, Рэспубліка Карэя, Злучаныя Штаты Амерыкі, Туніс і Чылі.