«Што не дазволена, тое забаронена». Ці можна фатаграфаваць бюлетэнь?
На 27 лютага прызначаны рэферэндум аб прыняцці паправак у Канстытуцыю. Нязручныя пытанні аб правядзенні рэферэндуму журналісты задалі старшыні Гомельскай абласной камісіі па рэферэндуме Аляксею Нявераву.
На маючых адбыцца выбарах выбарчыя камісіі падрыхтавалі адкрытыя кабінкі для галасавання. Такім чынам тое, што будзе рабіць у кабінцы выбаршчык, не будзе з'яўляцца таямніцай для прысутных. У сувязі з гэтым, ці мае права выбаршчык пайсці яшчэ далей і сфатаграфаваць вынік свайго галасавання.
- Падкажыце, калі ласка, фатаграфаваць можна бюлетэні?
- Не. Выбарчым кодэксам ... бюлетэні фатаграфаваць забаронена. Ёсць у нас 13-ы артыкул Выбарчага кодэкса, у якім адзначана, што дазволена назіральніку.
- А што забаронена?
- Што не дазволена, тое забаронена.
- Не назіральніку, а таму хто галасуе?
- Нельга ... Ну вам для чаго яго фатаграфаваць? На памяць? Сфатаграфуйце вось банеры ў гарадах.
Па перакананні старшыні абласной камісіі па рэферэндуме, права на таямніцу галасавання зараз з'яўляецца абавязкам грамадзяніна:
- Я хачу з бюлетэнем сфатаграфавацца. Гэта ж маё права.
- Якое права? Адкрыць ці не адкрыць? У нас жа тайнае галасаванне. Дзе ў вас напісаны правы, што гэта ваша права - адкрыць сваю таямніцу? Я вам задаю пытанне - дзе напісана?
Далей старшыня абласной камісіі Нявераў адмовіўся пракаментаваць затрыманні людзей, якія вылучаліся ў назіральнікі. У прыватнасці, размова йшла пра затрыманне Мікалая Cушкова.