Бешанковічы: “дыялогавыя пляцоўкі” - без людзей і абмеркавання
Рэдакцыя Бешанковіцкай газеты «Зара», імкнучыся ярка асвятліць абмеркаванне праекту Канстытуцыі перад рэферэндумам 27 лютага, вырашыла, што чытачы абыдуцца без падрабязнасцяў. У «дыялогавых пляцоўках» для абмеркаванняў зменаў у Канстытуцыю бяруць удзел па 9-10 чалавек. Пад публікацыямі – ніводнага каментара.
Таму ў артыкуле «Депутат Палаты представителей Национального собрания Республики Беларусь И. Ф. Мартынов встретился с коллективом военкомата Бешенковичского и Шумилинского районов» няма ні слова пра тое, якія канкрэтна палажэнні Асноўнага Закону абмяркоўвалі прысутныя, што іх задавальняе ў праекце, а што выклікае сумневы. У артыкуле «раёнкі» паведамляецца толькі дата сустрэчы – 16-га лютага, а таксама статус сталічнага госця. Дапаўняюць «інфармацыйны» матэрыял тры фотаздымкі, на якіх відаць менш за дзясятак удзельнікаў, паведамляе "Віцебская вясна".
Роўна 9 чалавек узялі ўдзел у «дыялогавай пляцоўцы» для калектыву Бешанковіцкага раённага Следчага камітэту. Абмеркаванне праекту Канстытуцыі праводзіла старшыня райвыканкаму Галіна Унуковіч. І, паводле аўтара тэксту, следчых чамусьці асабліва хвалюе не прафесійная дзейнасць і яе адлюстраванне ў Асноўным Законе краіны, а «праблема захавання гістарычнай памяці і традыцый продкаў». Таксама супрацоўнікі СК абмяркоўвалі «перспектывы развіцця аграпрамысловага комплексу і правядзенне культурна-масавых мерапрыемстваў, прысвечаных святкаванню 575-х угодкаў Бешанковіч».
Фармальны падыход бешанковіцкай «Зары» да асвятлення падрыхтоўкі да рэферэндуму праглядаецца і ў тым, што газета змяшчае паведамленні пра абмеркаванне праекту Канстытуцыі з абсалютна іншых рэгіёнаў – з Берасцейшчыны, Гарадзеншчыны і Гомельшчыны.