Аналіз праваабаронцаў: ці не парушае прынцып законнасці неапублікаванне складу камісій?
Нядаўна стала вядома, што Цэнтральная камісія парэкамендавала выбарчым камісіям не даводзіць да грамадзян звесткі пра сябраў участковых камісій, як таго патрабуе Выбарчы кодэкс. У выніку ў рашэннях аб утварэнні ўчастковых камісій, апублікаваных на сайтах выканкамаў, прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага члена камісіі, спосаб вылучэння ў склад камісіі, пазначаны не былі. "Праваабаронцы за свабодныя выбары" робяць выснову, што гэта безумоўна парушае прынцып законнасці. Аднак спецыяльна створаныя пракуратурай рабочыя групы па наглядзе за выкананнем заканадаўства, якое рэгламентуе пытанні падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага рэферэндуму, ніяк не рэагуе на гэта.
Што кажа закон?
Згодна з артыкулам 7 Канстытуцыі ў Рэспубліцы Беларусь устанаўліваецца прынцып вяршэнства права. Дзяржава, усе яе органы і службовыя асобы дзейнічаюць у межах Канстытуцыі і прынятых у адпаведнасці з ёй актаў заканадаўства. Згодна часткі 7 артыкула 34 Выбарчага кодэкса, рашэнне аб утварэнні камісій у сямідзённы тэрмін з дня яго прыняцця публікуецца ў друку. Рашэнне аб утварэнні пасялковых, сельскіх тэрытарыяльных камісій у той жа тэрмін можа быць даведзена да ведама грамадзян іншым спосабам. У рашэнні паказваюцца прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага члена камісіі, спосаб вылучэння ў склад камісіі, месца знаходжання і нумары тэлефонаў камісіі.
Згодна з пунктамі 2, 3 Рэгламенту Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў, зацверджаным Пастановай Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў 21 студзеня 2010 года № 15, Цэнтральная камісія ў сваёй дзейнасці кіруецца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Выбарчым кодэксам Рэспублікі Беларусь і іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Дзейнасць Цэнтральнай камісіі грунтуецца на прынцыпах законнасці, незалежнасці, калегіяльнасці, адкрытасці, галоснасці.
У адпаведнасці з артыкулам 11 выбарчага кодэкса, камісіі ў сваёй дзейнасці кіруюцца Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Кодэксам, іншымі актамі заканадаўства Рэспублікі Беларусь.
Што было ў рэчаіснасці?
На сайтах выканкамаў і ў раённых газетах у абсалютнай сваёй большасці не былі апублікаваныя звесткі аб складзе камісій. Напрыклад, на сайце Мазырскага раённага выканаўчага камітэта апублікавана рашэнне Прэзідыума Мазырскага раённага Савета дэпутатаў і Мазырскага раённага выканаўчага камітэта ад 24 студзеня 2022 г. № 195/148 "Аб стварэнні Мазырскай раённай камісіі па рэферэндуму", якое адпавядае ч. 7 арт. 34 Выбарчага кодэкса, так як у ім адлюстравана прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага члена камісіі, спосаб вылучэння ў склад камісіі, месца знаходжання і нумары тэлефонаў камісіі. Аднак рашэнне Мазырскага раённага выканаўчага камітэта ад 4 лютага 2022 № 214 "Аб стварэнні на тэрыторыі Мазырскага раёна участковых камісій па рэферэндуму" змяшчае толькі назву ўчастковай камісіі, месца размяшчэння і кантактныя тэлефоны.
Рашэнне Баранавіцкага раённага выканаўчага камітэта ад 4 лютага 2022 г. № 97 "Аб утварэнні ўчастковых камісій па рэферэндуму" таксама змяшчае толькі назву ўчастковай камісіі, месца размяшчэння і кантактныя тэлефоны.
Пастанова Прэзідыума Аршанскага раённага Савета дэпутатаў і Аршанскага раённага выканаўчага камітэта ад 24 студзеня 2022 г. № 45/130 "Аб утварэнні аршанскай раённай камісіі па рэферэндуму" ў поўнай меры адпавядае ч. 7 арт. 34 Выбарчага кодэкса. Аднак рашэнне Аршанскага раённага выканаўчага камітэта ад 6 лютага 2022 года № 191 "Аб стварэнні на тэрыторыі Аршанскага раёна участковых камісій па рэферэндуму", не змяшчае прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага члена камісіі і спосаб іх вылучэння ў склад камісіі, нягледзячы на тое, што ва ўводнай частцы Рашэння паказана, што яны прынятыя на падставе артыкулаў 11 і 34 Выбарчага кодэкса.
15 лютага стала вядома, што Цэнтральная камісія рэкамендавала выбарчым камісіям не даводзіць да грамадзян звесткі аб членах участковых камісій, як таго патрабуе ч. 7 арт. 34 Выбарчага кодэкса: у рашэннях аб утварэнні ўчастковых камісій, апублікаваных на сайтах выканкамаў, прозвішча, імя, імя па бацьку кожнага члена камісіі, спосаб вылучэння ў склад камісіі, апублікаваныя не былі. Публічная інфармацыя ўтрымлівае толькі месца знаходжання і нумары тэлефонаў камісій.
Аднак, прававымі нормамі не прадастаўлена магчымасць Цэнтральнай камісіі і раённым выканаўчым камітэтам прымаць рашэнні, якія супярэчаць прынятым у адпаведнасці з Канстытуцыяй нормам права. Такім чынам, рашэнні Цэнтральнай камісіі і раённых выканаўчых камітэтаў супярэчаць прынцыпу законнасці.
Хто можа вырашыць гэтую праблему?
11 лютага на сайце Генеральнай пракуратуры была апублікаваная навіна аб стварэнні рабочай групы па наглядзе за выкананнем заканадаўства, якое рэгламентуе пытанні падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага рэферэндуму, з ліку найбольш вопытных пракурорскіх работнікаў, адной з задач якой з'яўляецца падтрыманне законнасці: "для ўзмацнення нагляду за правільным ходам народнага галасавання ў Генеральнай пракуратуры сфарміравана рабочая група па наглядзе за выкананнем заканадаўства, якое рэгламентуе пытанні падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага рэферэндуму. У абласных пракуратурах, пракуратуры горада Мінска створаны аналагічныя рабочыя групы з ліку найбольш вопытных пракурорскіх работнікаў. Намеснік генеральнага пракурора падкрэсліў, што задачай дзяржаўных органаў з'яўляецца не толькі садзейнічанне рэалізацыі канстытуцыйнага права грамадзян на ўдзел у выбарах альбо рэферэндуме, але і падтрыманне законнасці і правапарадку...".
Згодна з арт. 4 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь", задачамі пракуратуры з'яўляюцца забеспячэнне вяршэнства права, законнасці і правапарадку, абарона правоў і законных інтарэсаў грамадзян і арганізацый, а таксама грамадскіх і дзяржаўных інтарэсаў. Згодна з ч. 4 арт. 27 Закона "Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь", пры ўстанаўленні парушэнняў заканадаўства пракурор мае права апратэставаць дзеянні мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, уносіць прадстаўлення, а таксама выносіць прадпісанні і афіцыйныя папярэджанні, абавязковыя для выканання адпаведнымі дзяржаўнымі органамі і іншымі арганізацыямі, службовымі асобамі.
Такім чынам, пракуратура валодае паўнамоцтвамі ўсталяваць парушэнні выбарчага заканадаўства мясцовымі выканаўчымі органамі і вынесці адпаведныя прадпісанні аб іх ліквідацыі.
Аднак, па стане на 18 лютага група Генеральнай пракуратуры не прыняла мер па ліквідацыі паўсюдных парушэнняў патрабаванняў ч. 7 арт. 34 Выбарчага кодэкса выканкамамі і адміністрацыямі, публічна анансаваных Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў.
Кароткія высновы
Рашэнні Цэнтральнай камісіі і раённых выканаўчых камітэтаў супярэчаць прынцыпу законнасці. Пракуратура валодае паўнамоцтвамі адмяніць рашэнне мясцовых прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, але пакуль ніводнага такога факту зафіксавана не было.