Танцы ў працоўны час: як на заводах агітуюць за рэферэндум
Агітацыя за ўдзел у рэферэндуме па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю працягваецца. Акрамя "дыялогавых пляцовак" з чыноўнікамі, мінскія гарадскія ўлады арганізоўваюць агітацыйныя канцэрты прама на заводах у працоўны час. Адзін з іх прайшоў на "Белкамунмашы".
10 лютага "Белкамунмашы" (BKM Holding) прама ў цэху выставілі сцэну, змантавалі святло і жывы гук, і прывезлі чатыры групы для агітацыі за рэферэндум па зменах у Канстытуцыю. Канцэрт у працоўны час доўжыўся больш за дзве гадзіны, вяла яго Алена Спірыдовіч. У "рэферэндумны пул" для агітацыі на прампрадпрыемствах уваходзяць гурт "Дразды", арт-гурт "Беларусы", балалаечнік Аляксандр Варанішча і артыстка Беларусі Жанет, якая прыехала на завод у суправаджэнні сваёй танцавальнай групы, балета FUSION.
Акцыю "Будучыня ў адзінстве" прафінансаваў Мінгарвыканкам. Канцэрт насіў выключна забаўляльны характар, раней на тэрыторыі ААТ "Кіруючая кампанія холдынгу "Белкамунмаш" (BKM Holding) ужо праходзілі "дыялогавыя пляцоўкі" па абмеркаванні змяненняў у Канстытуцыю.
Плануецца, што наступныя два тыдні такія канцэрты пройдуць яшчэ на 34 прадпрыемствах і арганізацыях горада. Сярод іх — Мінскі завод колавых цягачоў, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, ГУМ, ЦУМ, кандытарская фабрыка "Камунарка", Чыгуначны вакзал і шэраг іншых.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ажыццяўляе экспертную місію па назіранні за рэферэндумам. У сувязі з гэтым просім вас дасылаць нам аўдыя і тэкставую інфармацыю, якая тычыцца падрыхтоўкі да правядзення рэферэндуму, у Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: referendum2022@spring96.org