“Пайшлі ў народ”: дэпутаты і чыноўнікі высокага рангу напярэдадні рэферэндуму актывізавалі сваю дзейнасць
Сустрэчы з электаратам, “прамыя лініі і гарачыя тэлефоны”, дыялогавыя пляцоўкі – для ідэалагічнай апрацоўкі грамадзян напярэдадні рэспубліканскага рэферэндуму па зменах у канстытуцыю актывізаваліся дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і чыноўнікі высокага рангу.
Так, сустрэчу з работнікамі "Гарадзейскага цукровага камбіната", спецыялістамі культуры і адукацыі раёна правёў “беларускі дзяржаўны дзеяч”, дыпламат, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Андрэй Савіных.
Ён доўга нахвальваў змены ў праект Канстытуцыі, адзначыўшы, што яны будуць спрыяць захаванню нацыянальнай самабытнасці, гістарычнай памяці і суверэнітэту краіны, забеспячэння сацыяльнай справядлівасці і росквіту дзяржавы.
А ў Берасці, "прамую тэлефонную лінію" з грамадзянамі па Брэсцкай-Усходняй выбарчай акрузе №3 правядзе 9 лютага дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Анатоль Дашко.
Дыялогавую пляцоўку з працоўным калектывам УП «Рамаўтадар Фрунзенскага раёна г. Мінска» правялі дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Ганна Старавойтава і дэпутат Мінгарсавета Андрэй Шэршань. У ліку запрошаных былі прадстаўнікі адміністрацыі Фрунзенскага раёна, а таксама маладзёжных і ветэранскіх арганізацый.
У Салігорску прамую тэлефонную лінію правядзе дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па Салігорскай гарадской выбарчай акрузе № 68 Андрэй Струнеўскі, у Пінску - дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Валянціна Бегеба.
А міністр унутраных спраў Рэспублікі Беларусь Іван Кубракоў наведаў 7 лютага Наваполацк.
У рамках семінара-вучобы па пытаннях правядзення рэферэндуму з ягоным удзелам былі абмеркаваныя арганізацыйныя пытанні, якія датычацца правядзення рэферэндуму: выкананне заканадаўства, патрабаванняў пажарнай бяспекі на ўчастках, супрацьэпідэміялагічных мер, ажыццяўленне гандлёвага абслугоўвання і правядзенне культурна-забаўляльнай праграмы.
Міністр адзначыў, што на ўсіх выбарчых участках будуць несці службу супрацоўнікі органаў унутраных спраў. І кожны ў абавязковым парадку будзе мець пры сабе відэарэгістратар. Таксама ў мэтах бяспекі-ажыццяўленне кантрольна-прапускнога рэжыму і дагляд габарытнай ручной паклажы.
"Любыя супрацьпраўныя дзеянні на адрас сябраў выбарчых камісій будуць аператыўна спыняцца", - заспакоіў прысутных Кубракоў.