Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Кабінкі без фіранак у прысутнасці міліцыі і дружыннікаў: ці парушае гэта прынцыпы свабоднага і таемнага галасавання?

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Юрысты кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прааналізавала апошнія заявы старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі, а таксама некаторыя пункты Метадычнага дапаможніка для ўчастковых камісій пра здыманне фіранак з выбарчых кабінак і адначасовай прысутнасці супрацоўнікаў міліцыі і дружыннікаў на выбарчых участках і падрыхтавалі адказы на пытанні, якія хвалююць шмат якіх выбаршчыкаў. Такім чынам...

  • Ці з'яўляецца галасаванне ў адкрытых кабінках таемным?
  • Ці не парушаюць адсутнасць фіранак у кабінках і прысутнасць супрацоўнікаў міліцыі і дружыннікаў на выбарчых участках прынцыпы свабоднага і таемнага галасавання?

ВЫСНОВА:

  • прынцып свабоднага волевыяўлення не можа быць рэалізаваны ў поўнай ступені без выканання прынцыпу таемнага галасавання. Адпаведна, адсутнасць фіранак у кабінках і прысутнасць супрацоўнікаў міліцыі і дружыннікаў на выбарчых участках парушаюць прынцыпы свабоднага і таемнага галасавання.

Паводле артыкула 76 Канстытуцыі, рэферэндумы праводзяцца шляхам усеагульнага, свабоднага, роўнага і таемнага галасавання.

У адпаведнасці з пунктам 19 Заўвагі агульнага парадку № 25, асобам, якія маюць права голаса, павінна быць забяспечаная магчымасць свабодна галасаваць … за любую прапанову, вынесеную на рэферэндум ці плебісцыт, ці супраць яе, … без празмернага ўплыву ці якога-небудзь прымусу, які можа перашкодзіць свабоднаму волевыяўленню выбаршчыкаў. Выбаршчыкам павінна быць пададзеная магчымасць самастойна фармаваць уласнае меркаванне, свабоднае ад гвалту ці пагрозы гвалтам, прымусу, падахвочвання ці якога-небудзь умяшання.

Такім чынам, задача дзяржавы палягае ў тым, каб выключыць які-небудзь кантроль за волевыяўленнем грамадзян, а менавіта, каб у грамадзян не ўзнікала пытанняў і асцярог: “Раптам, калі я пастаўлю адзнаку “СУПРАЦЬ”, мяне адразу ж затрымаюць супрацоўнікі міліцыі? Раптам людзі, якія міма праходзілі каля маёй кабінкі, гэта не выбаршчыкі, а асобы, якія глядзяць, як я прагаласаваў?”

Паводле заявы Старшыні ЦВК, на рэферэндуме грамадскі парадак на выбарчых участках будуць забяспечваць супрацоўнікі міліцыі і дружыннікі, якія будуць прысутнічаць на ўчастках як у асноўны дзень, гэтак і на датэрміновым галасаванні:

Акрамя таго, паводле Метадычнага дапаможніка для ўчастковых камісій па рэферэндуме: “3.2. У мэтах прафілактыкі рызык, звязаных з распаўсюдам каранавіруснай інфекцыі, неабходна выключыць выкарыстанне ў кабінах для галасавання пярэдняй фіранкі”.

Аднак адкрытыя кабінкі значна ўплываюць на свабоду выбару, бо чалавек не адчувае сябе ў ёй ў бяспецы з наступных прычынаў:

  1. Кабінкі добра праглядаюцца і чалавек, які праходзіць міма, можа ўбачыць, дзе выбаршчык паставіў "птушку", што таксама можа адначасова ўплываць на свабоду выбару і асобы, якая знаходзіцца ў кабінцы, і выбаршчыка, які праходзіць міма.
  2. Прысутнасць на выбарчым участку дружыннікаў і супрацоўнікаў міліцыі ўплывае на свабоду выбару, бо ў выбаршчыка можа складацца ўражанне, што за ім сочаць, і ў выпадку прастаўлення “няправільнай” пазнакі яго могуць затрымаць пасля выйсця з кабінкі.

Паколькі прынцып свабоднага галасавання палягае таксама ў магчымасці самастойна прыняць рашэнні без нейкага ўплыву і/ці ўмяшання, кабінкі без фіранак і прысутнасць на выбарчым участку міліцыянераў і дружыннікаў не адпавядаюць дадзенаму прынцыпу.

Паводле Кіраўніцтва па назіранні за выбарамі Бюро АБСЕ па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека, кабінка для галасавання месца, дзе выбаршчыкі таемна ад усіх ставяць пазнакі ў бюлетэнях. Кабінкай для галасавання можа насамрэч служыць шырма для галасавання, абсталяваная такім чынам, каб выбаршчыкі маглі таемна праставіць пазнакі ў сваіх бюлетэнях. Неналежная якасць кабінак і шырмаў для галасавання не забяспечвае выканання прынцыпу таемнага галасавання.

Дапаможнік па прававых, тэхнічных аспектах і аспектах правоў чалавека, звязаных з правядзеннем выбараў, адзначае: “Таемнае галасаванне ўяўляе сабою даўно прызнаны механізм, які забяспечвае ізаляцыю выбаршчыкаў ад запалохвання. У аснове патрабавання, якое тычыцца правядзення выбараў шляхам таемнага галасавання, ляжыць Усеагульная дэкларацыя правоў чалавека, якая абвяшчае, што выбары "павінны праводзіцца шляхам таемнага галасавання або з дапамогай іншых раўназначных формаў, што забяспечваюць свабоду галасавання" (пункт 3 артыкула 21). У Міжнародным пакце аб грамадзянскіх і палітычных правах гэтае палажэнне развіваецца далей, і ў ім рашуча заяўляецца аб тым, што выбары павінны праводзіцца "пры таемным галасаванні" (артыкул 25 b). Гэтая норма паходзіць з пераканання міжнароднай супольнасці ў тым, што для таго, каб выбары былі сапраўды свабоднымі, адпаведная працэдура павінна гарантаваць, што тое, як прагаласаваў ці як будзе галасаваць любы выбаршчык, з'яўляецца яго абсалютным прывілеем”.

Такім чынам, прынцып свабоднага волевыяўлення не можа быць рэалізаваны ў поўнай ступені без выканання прынцыпу таемнага галасавання.

Адпаведна, адсутнасць фіранак у кабінках і прысутнасць супрацоўнікаў міліцыі і дружыннікаў на выбарчых участках парушаюць прынцыпы свабоднага і таемнага галасавання.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"