"Ніхто не ведаў, як рабіць Канстытуцыю. Ну і ўзялі за аснову заходнія краіны": як агітуюць за рэферэндум у Оршы
У Аршанскім рэгіёне чыноўнікі і дзяржслужачыя вядуць актыўную агітацыю па канстытуцыйным рэферэндуме сярод арганізацый і устаноў. Пры гэтым задзейнічаюць увесь кіраўнічы патэнцыял, якія спрабуе зразумелымі словамі данесці да выбарцаў новаўвядзенні ў Канстытуцыю і іх актуальнасць для грамадства.
А на якім ўзроўні гэта робіцца - можна зразумець з выступу намесніка старшыні Аршанскага райвыканкама Віктара Калачова перад педагагічным калектывам адной з школ горада.
Напачатку сустрэчы ён зрабіў экскурс у гісторыю і паведаміў прысутным, што 15 сакавіка 1994 года была прынятая першая Канстытуцыя суверэнный Беларусі, а перад гэтым, у 1991 годзе прайшоў рэферэндум, на якім вырашалася пытанне, ці быць магучаму Савецкаму Саюзу.
Бальшыня – 76% – прагаласавала за тое, каб СССР заставаўся.
Ідэолаг пры гэтым сціпла прамаўчаў, што ў галасаванні прымалі ўдзел грамадзяне не 15 былых саюзных рэспублік, а толькі дзевяці.
Далей Калачоў адзначыў, што тры чалавекі ў Белавежскай пушчы вырашылі за ўсіх іх, і ў выніку ўтварылася многа маленькіх краін.
“Ніхто не ведаў, як рабіць Канстытуцыю. Ну і ўзялі за аснову заходнія краіны, накідалі ўсё на наш славянскі менталітэт. Але наш менталітэт іншы. Ну вось, напрыклад, нарадзілі дзіця, куды яго дзець? Правільна, бабулі і дзядулю. А на Захадзе няма такога. Там так: вы нарадзілі – вы і займайцеся”, – тлумачыў педагогам сутнасць славянскага менталітэту раённы кіраўнік. – Альбо вось возьмем сямейныя каштоўнасці… Будзе прапісана, што шлюб гэта паміж мужчынай і жанчынай, а не так як у іх: першы бацька, другі бацька.”
Каго меў на ўвазе Калачоў, так і не прагучала.
Далей ён хуценька прабегся па іншых важных накірунках, за пяць хвілін узгадаў палітыку, эканоміку, народаўладзе, 2020 год, АДКБ і Казахстан і рэзюміраваў, што нам не трэба агрэсія.
І на завяршэнне яшчэ адна цытата аматара гісторыі:
“Цяпер пра ўладу. Замацоўваецца Усебеларускі народны сход. Гэта не новае… было ў нас Народнае Веча”.
Ёсць у вас прапановы? Няма? І гэта нармальна.