Магілёўшчына: агітацыя па рэферэндуме праводзіцца нават сярод непаўнагадовых
У Магілёўскай вобласці чыноўнікі і дзяржслужачыя вядуць агітацыю па канстытуцыйным рэферэндуме сярод непаўнагадовых. Хоць апошнія пакуль нават не маюць права прымаць удзел у галасаванні.
Цяперашняя рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (Раздзел «Выбарчая сістэма. Рэферэндум", артыкул 64) абвяшчае, што прагаласаваць на выбарах (рэферэндуме) мае права выбаршчык, якому на дзень галасавання споўнілася 18 гадоў. Тым не менш, у Магілёўскай вобласці на працягу апошняга тыдня студзеня масава агітацыя праводзілася сярод вучняў сярэдніх школ.
Сітуацыя ў раённых цэнтрах моцна кантрастуе з тым, што адбываецца ў сталіцы і абласным цэнтры. Улічваючы, што ў малых гарадах прадпрыемстваў не шмат, ідэолагі і чыноўнікі пайшлі ў школы весці агітацыю сярод падлеткаў 14-16 гадоў. Ім распавядаюць пра рэферэндум аб змене Канстытуцыі ўперамешку з іншымі тэмамі, паведамляюць праваабаронцы MAYDAY.TEAM.
Напрыклад, у Крычаве на базе сярэдняй школы №8 прайшла сустрэча вучняў навучальных устаноў і Крычаўскага агратэхнічнага каледжа з членам Савета Рэспублікі, галоўным урачом абласной дзіцячай бальніцы Ігарам Каско. Пасля аповяду аб запланаваных зменах у асноўны закон Ігар Каско падняў вострую тэму суіцыду сярод моладзі. На сустрэчы прысутнічалі таксама старшыня райсавета Ірына Пруднікава (кіраўнік РГА "Белая Русь" у раёне) і намеснік старшыні райвыканкама Таццяна Кандраценка.
У Касцюковічах падобнае мерапрыемства прайшло ў раённай дзяржаўнай гімназіі. Мерапрыемства насіла назву «Адкрыты дыялог «Сіла Асноўнага закона» па абмеркаванню праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь».
У якасці экспертаў па пытаннях канстытуцыйнага заканадаўства ў гэтым горадзе выступілі першы сакратар Касцюковіцкага РК БРСМ Марыя Голікава і загадчыца натарыяльнай канторай Касцюковіцкага раёна Таццяна Давыдава. Абмеркаванне маючага адбыцца рэферэндуму скончылася зусім іншай тэмай - адбылася віктарына QUIZ, прысвечаная Міжнароднаму Дню памяці ахвяр Халакоста.
У Краснаполлі, які страціў статус горада і з'яўляецца гарадскім пасёлкам, абмеркаванне праекта змяненняў і дапаўненняў Канстытуцыі прайшло сярод вучняў сярэдняй школы. Мерапрыемства праходзіла ў форме палітінфармацыі пад кіраўніцтвам старшыні раённага Савета дэпутатаў Анжалікі Гоман і намесніка начальніка Краснапольскага РАНС па ідэалагічнай працы, дэпутата райсавета Аляксандра Шаховіча.
Падобныя мерапрыемствы сярод падлеткаў прайшлі практычна ва ўсіх райцэнтрах Магілёўскай вобласці. Паралельна з агітацыяй раённыя СМІ распаўсюджваюць інфармацыю аб сацапытанні, нібыта праведзеным у студзені бягучага года аддзелам сацыялагічных даследаванняў і інфармацыйна-аналітычнай працы КИУП «Інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасці». У паведамленнях гаворыцца, што больш за 80% жыхароў Магілёўшчыны ўжо прынялі рашэнне аб удзеле ў рэферэндуме.