У Нясвіжы агітацыю за рэферэндум праводзіць інфармацыйна-прапагандыская група райвыканкама
У студзені ў аграгарадку Салтанаўшчына Нясвіжскага раёна адбылася агітацыйная сустрэча з працоўным калектывам ЗАТ “1 Мая”. Яе праводзіла інфармацыйна-прапагандыская група Нясвіжскага райвыканкама. Але на ёй замест агітацыі па рэферэндуме абмяркоўвалі супрацьдзеянне наркотыкам, пажарную бяспеку і вакцынацыю несельніцтва.
Інфармацыйна-прапагандыскія групы былі створаныя ў Беларусі Указам прэзідэнта ў 2003 годзе. Мэты іх дзейнасці абумоўленыя самой назвай – ідэалагічная прапаганда ў адпаведнасці з тэматыкай і інфармацыйнымі матэрыяламі, распрацаванымі Адміністрацыяй прэзідэнта.
На сустрэчы з працоўным калектывам ЗАТ “1 Мая” у аграгарадку Салтанаўшчына інфармацыйна-прапагандыская група агітавала прыйсці на рэферэндум па змяненні Канстытуцыі. Аднак замест вывучэння сутнасных прапаноў па змяненні артыкулаў Канстытуцыі разглядаліся пытанні, якія галоўнай тэмы не датычацца – тэма супрацьдзеяння незаконнаму абароту наркотыкаў і прафілактыкі іх спажывання, забеспячэння пажарнай бяспекі ў зімовы перыяд, вакцынацыі несельніцтва.
У склад групы Нясвіжскага райвыканкама ўваходзяць намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Балцянкоў, начальнік РАУС Аляксандр Юрчанка, першы намеснік начальніка райаадзела МНС Дзмітрый Кукула і галоўная лекарка Нясвіжскай райбальніцы Вікторыя Пражэнік.
Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ажыццяўляе экспертную місію па назіранні за рэферэндумам. У сувязі з гэтым просім вас дасылаць нам аўдыя і тэкставую інфармацыю, якая тычыцца падрыхтоўкі да правядзення рэферэндуму, у Telegram: @ViasnaSOS, @spring96info і на Email: referendum2022@spring96.org