Мазыр, Калінкавічы, Светлагорск: склады і кіраўніцтва раённых камісій - практычна нязменныя
Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" працягваюць аналізаваць інфармацыю аб складзе ўтвораных раённых камісій па рэферэндуме і афіцыйныя звесткі аб стварэнні участкаў для галасавання.
Мазырская раённая камісія ўтвораная ў складзе 11 чалавек. Прычым, 9 из 11 сябраў (81%) камісіі па рэферэндуме ўдзельнічалі ў выбарчай кампаніі 2020 года, а частка - і ў ранейшых электаральных кампаніях.
У абсалютных рэкардсменах - старшыня камісіі Міхаіл Пашынскі, які ўзначальваў камісію ў 2010, 2012, 2014, 2017, 2019, 2020 гадах. Зараз ён з’яўляецца начальнікам упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мазырскага райвыканкама. Ягоны намеснік Пётр Зыкун таксама абіраецца ў склад камісіі ў чацверты раз.
У раёне створана 73 участкі для галасавання. Адпаведнае рашэнне своечасова апублікаванае на сайце Мазырскага райвыканкама.
У Калінкавічскім раёне камісія па рэферэндуме таксама ўтвораная ў складзе 11 чалавек.
Старшынёй раённай камісіі па рэферэндуму абраная Алена Дзяргач (удзельнічала ў кампаніях 2019 і 2020 года), намеснікам – Валянціна Логвіна і сакратаром – Алена Варабей.
У склад раённай камісіі па рэферэндуме вылучаны прадстаўнік толькі ад адной партыі – раённай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды.
Згодна з рашэннем аб утварэнні ўчасткаў для галасавання, апублікаваным 26 студзеня, у раёне будзе 72 участкі.
У Светлагорскім раёне камісія па рэферэндуме створаная у складзе 11 чалавек. Старшыёй камісіі абраная Ларыса Вераксіч (старшыня раённага аб'яднання прафсаюзаў), намеснікам – Ірына Ембулаева, сакратаром – Людміла Градуленка. Усё кіраўніцтва камісіі мае багаты вопыт такой працы - абіраюцца не першы раз.
Рашэнне аб стварэнні ўчасткаў для галасавання на сайце райвыканкама апублікавана 26 студзеня. Згодна з рашэннем тут створана 55 участкаў дла галасавання.
У склад камісіі па рэферэндуме вылучана па аднаму прадстаўніку ад Камуністычнай партыі Беларусі і раённай арганізацыі Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды.