Місіі СНД і ШАС, але без АБСЕ. Міжнароднага назірання ізноў не будзе?
Цэнтральная камісія акрэдытавала прадстаўнікоў Місіі назіральнікаў ад СНД, а старшыня ЦВК Ігар Карпенка асабіста ўручыў ім пасведчанні міжнародных назіральнікаў. Таксама ЦВК накіравала запрашэнні назіраць за рэферэндумам у Беларусі ў цэнтральныя выбарчыя органы Расіі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана і некаторыя іншыя краіны. Назіральнікі ад АБСЕ запрошаныя не былі. Дык ці будзе на рэферэндуме забяспечана поўнамаштабнае міжнароднае назіранне? Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адказваюць на гэтае пытанне.
Міжнароднае назіранне за выбарамі і рэферэндумамі — гэта аб'ектыўны погляд на празрыстасць і дэмакратычнасць выбарных працэсаў у краіне. У Беларусі, паколькі яна з'яўляецца ўдзельніцай Арганізацыі па бяспецы і супрацоўніцтве ў Еўропе (АБСЕ), менавіта місіі АБСЕ ажыццяўлялі міжнароднае назіранне і ацэньвалі адпаведнасць выбарчага працэсу абавязальніцтвам у межах АБСЕ і іншым міжнародным абавязальніцтвам і стандартам па правядзенні дэмакратычных выбараў, а таксама палажэнням нацыянальнага заканадаўства.
АБСЕ мае шматгадовы досвед назірання за выбарчымі працэсамі ў больш як 50 краінах свету. Назапашаны досвед і выпрацаваная методыка назірання дазваляе ёй быць экспертнай арганізацыяй па назіранні за выбарчымі працэсамі. А публічныя справаздачы дазваляюць ацаніць, на што абапіраецца місія АБСЕ пры падвядзенні вынікаў свайго назірання.
Што таксама важна, у місій АБСЕ ёсць досвед назірання не толькі за выбарамі (у парламент, прэзідэнцкімі і г.д.), але і за рэферэндумамі. Такім чынам, толькі за апошнія пяць гадоў місія АБСЕ назірала ў 2016 годзе за канстытуцыйным рэферэндумам у Турцыі, у 2018 годзе за рэферэндумам у Македоніі аб сяброўстве ў ЕС і НАТО, а ў 2021 годзе за канстытуцыйным рэферэндумам у Кыргызскай Рэспубліцы.
У Беларусі назіральнікі АБСЕ апошні раз былі ў 2019 годзе на парламенцкіх выбарах. Тады місія АБСЕ, акрамя таго, што адзначыла неадпаведнасць праведзеных выбараў важным міжнародным стандартам дэмакратычных выбараў, таксама распрацавала шэраг рэкамендацый для “далейшага падвышэння ўзроўню правядзення выбараў у Беларусі, а таксама для падтрымкі высілкаў па іх прывядзенні ў адпаведнасць з абавязальніцтвамі АБСЕ і іншымі міжнароднымі абавязальніцтвамі і стандартамі дэмакратычных выбараў”.
У сваіх рэкамендацыях місія АБСЕ казала пра неабходнасць перагляду дзейснага выбарчага заканадаўства і ўзгадненне яго з міжнароднымі стандартамі з мэтай забеспячэння выканання дзяржавай прынцыпаў свабоды аб'яднанняў, сходаў і свабоды выказвання меркавання і волевыяўлення. Дадаткова рэкамендавалася перагледзець заканадаўства аб СМІ, у межах якога неабходна забяспечыць поўную абарону прынцыпу свабоды выказвання меркавання і роўны доступ да інфармацыі для журналістаў, а таксама скасаваць крымінальную адказнасць за паклёп і абразы. Нарэшце, звярталася ўвага на абавязак дзяржавы забяспечыць наяўнасць у грамадзян магчымасці карыстацца сваімі грамадзянскімі і палітычнымі правамі, не асцерагаючыся пакарання або запалохвання. Дадзеныя рэкамендацыі так і не былі выкананыя і актуальныя дагэтуль.
У 2020 годзе на прэзідэнцкія выбары накіраваць міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ не атрымалася — афіцыйныя асобы Беларусі запозна накіравалі запрашэнне, без якога АБСЕ не можа пачаць падрыхтоўку місіі па назіранні.
Гэтым разам міжнародных назіральнікаў наогул не запрасілі. Новы кіраўнік ЦВК Ігар Карпенка гаворыць пра альтэрнатывы назіральнікам АБСЕ — назіральнікаў з краін СНД і з краін-сябраў Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Тым часам ужо вядома, што місію назіральнікаў ад СНД узначаліць экс-кіраўнік Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Леанід Анфімаў.
Місія Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) назірала ў 2019 годзе за парламенцкімі выбарамі ў Беларусі, прызнала іх празрыстымі і дэмакратычнымі. Таксама місія ШАС назірала ў 2021 годзе за парламенцкімі выбарамі ў Кыргызскай Рэспубліцы, за прэзідэнцкімі выбарамі ва Узбекістане і за выбарамі ў Дзярждуму Расіі, прызнаўшы іх усе празрыстымі і адпаведнымі агульнапрызнаным прынцыпам правядзення дэмакратычных выбараў. Звычайна місія ШАС па назіранні за выбарамі не робіць публічнай справаздачы пра вынікі свайго назірання.
Прыблізна такія ж вынікі назірання звычайна ў місій СНД — выбары, за якімі місія назірае, прызнаюцца празрыстымі і дэмакратычнымі, выяўленыя парушэнні — толькі тэхнічнымі, дробнымі, нязначнымі для агульнага выніку выбараў. Місія СНД традыцыйна ўдзельнічае ва ўсіх прэзідэнцкіх, парламенцкіх і мясцовых выбарах краін СНД. Парламенцкія выбары 2019 года і прэзідэнцкія выбары 2020 года ў Беларусі, на думку місіі СНД, прайшлі таксама без істотных парушэнняў.
Таму пры адсутнасці міжнародных назіральнікаў ад АБСЕ прапанаваныя ўладамі Беларусі альтэрнатывы наўрад ці змогуць забяспечыць ацэнку правядзення рэферэндуму з пункту гледжання выканання нацыянальнага заканадаўства і міжнародных стандартаў.