Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Агітатары, чальцы выбаркамаў і назіральнікі: як дзяржаўныя прафсаюзнікі закрываюць сабой усё на рэферэндуме

Пяты пленум Савета ФПБ
Пяты пленум Савета ФПБ

Дзяржаўныя прафсаюзы Беларусі актыўна ўключыліся ў падрыхтоўку да рэферэндума з самага пачатка абвячшэння выбарчай кампаніі: яны ў рэкорднай колькасці прадстаўлены ў тэрытарыяльных камісіях, агітуюць за змены ў Канстытуцыю, ствараючы ініцыятывы і прымаючы дэкларацыі, а таксама ў рэкорднай колькасці акрэдытаваліся назіральнікамі за рэферэндумам. Пакуль гэта самая актыўная структура ў падрыхтоўцы да рэферэндума. Старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) з’яўляецца Міхаіл Орда, які ўзначальваў штаб Лукашэнкі на прэзідэнцкай выбарчай кампаніі ў 2020 годзе. Верагодна, гэта і тлумачыць такую гіперактыўнасць у цяперашняй выбарчай кампаніі ФПБ. Кампанія "Праваабаронцы за свабодныя выбары" распавядае пра вялікую ўключанасць дзяржаўных прафсаюзаў у падрыхтоўку да рэферэндума.

У тэрытарыяльных камісіях – 18% прафсаюзнікаў

Членамі тэрытарыяльных камісій з’яўляюцца 321 прадстаўнік прафсаюза, якія ўваходзяць у Федэрацыю прафсаюзаў Беларусі, што складае амаль 18% ад усіх грамадзян у камісіях. Гэта найбольшая колькасць прадстаўнікоў у тэрытарыяльных выбаркамах сярод грамадскіх аб'яднанняў. У камісіі не прайшлі адбор толькі пяць прафсаюзнікаў, што паказвае падтрымку да гэтай группы грамадзян з боку ўладаў. У той час як адразу 20 прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных партый не ўключылі ў склады тэрытарыяльных камісій па ўсёй Беларусі.

Агітацыя за змены ў Канстытуцыю ці заклікі «беглых» вярнуцца дадому?

Паведмаляецца, што 29 студзеня ў Рэспубліканскім Палацы культуры прафсаюзаў адбыўся пяты пленум Савета ФПБ. Пленум быў пашыраны у прысутнасці чальцоў ураду, то бок, фактычна ён праходзіў пад кантролем. На пленуме 400 ўдзельнікаў аднагалосна стварылі ініцыятыву «Мы вместе – За Беларусь!» і дэкларацыю ў яе падтрымку. Прадстаўнікікампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» звярнулі ўвагу на сумніўны змест агітацыйнага дакумента. Прыводзім яе цытаты:

  • «Мы кажам: "Так!" Сацыяльна арыентаванай дзяржаве, узмацненню падтрымкі сем'яў з дзецьмі, уразлівых катэгорый насельніцтва, гарантыях бясплатнай медыцынскай дапамогі, даступнай адукацыі»;
  • «Ніхто з палітыкаў іншых дзяржаў і тых, хто здрадзіў свёй краіне, не мае ні маральнага, ні юрыдычнага права дыктаваць нам свае правілы»;
  • «Мы прапануем тым, хто з-за мяжы імкнецца разбурыць нашу краіну, адумацца, вярнуцца дадому і, па сумленні, і па законе адказаць за свае дзеянні – за заклікі да санкцый, за беспарадкі, за шкоду, нанесеную беларусам».

Рыторыка дадзенага тэкста вельмі сугучна і дублюе сэнс таго, што казаў Аляксандр Лукашэнка падчас «паслання да нацыі». 28 студзеня ён заявіў:

«Мая вам парада: дадому, кайцеся і становіцеся на калені. Заплаціце штрафныя санкцыі за нанесеную шкоду, хоць бы часткова, таму што [кампенсаваць] тое, што вы нарабілі, не хопіць ні вашай уласнасці, ні ўсяго таго, што вы запрацуеце наперад за сваё жыццё».

Сярод назіральнікаў  большая частка прафсаюзнікаў

Сваёй дэкларацыяй дзяржаўныя прафсаюзнікі заявілі, што будуць актыўна ўдзельнічаць у арганізацыі і правядзенні рэферэндуму і «забяспечаць аб'ектыўнае назіранне за галасаваннем»

kazialkou-i-orda.jpg
Міхаіл Орда

«Мы будзем не проста ўдзельнічаць у гэтым працэсе. Мы будзем на кожным участку. На кожным этапе галасавання кантраляваць ход галасавання. І будзем пастаянна інфармаваць грамадства, як праходзіць гэта найважнейшая для краіны падзея», заявіў на пленуме старшыня ФПБ Міхаіл Орда.

Сёння ЦВК паведаміла, што тэрытарыяльныя камісіі па рэферэндуме акрэдытавалі ўжо 875 нацыянальных назіральнікаў. Больш за ўсё назіральнікаў накіравалі грамадскія аб'яднанні 699 чалавек. З іх акрэдытытавалі ўжо 166 прафсаюзнікаў. І гэта зноў самая вялікая колькасць прадстаўнікоў прафсаюзаў у гэтым накірунку па рэферэндуме.

У той час як усе апазіцыйныя і незалежныя ініцыятывы заявілі пра адсутнасць для іх умоваў для поўнамаштабнага назірання за выбарчай кампаніяй, якія выкліканы асцярогай за бяспеку назіральнікаў.


Асноўны дзень усенароднага галасавання па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю адбудзецца 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. На рэферэндум выносіцца толькі адно пытанне: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»

Прапануемыя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю можна знайсці тут.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"