Рэчыца: склад раённай камісіі практычна не мяняецца з году ў год
На сайце Рэчыцкага райвыканкама апублікаваныя звесткі пра склад раённай камісіі па рэферэндуме. У камісію на безальтэрнатыўнай аснове ўвайшлі 11 чалавек, усе яны людзі ў раёне добра вядомыя і правераныя падчас ранейшых электаральных кампаній.
Вылучэнне ў склад камісіі адбывалася некалькімі шляхамі: шляхам падачы заяў ад грамадзян – 3, ад праўладных прафсаюзаў – 2, астатнія былі вылучаныя ад ГА “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі", ГА "Беларускі Фонд міру", раённай арганізацыяй ветэранаў, раённай арганізацыяй ГА "Беларускі саюз жанчын", “Белай Русі”. Адно месца дасталося партыям і, прадказальна, гэта - Камуністычная партыя Беларусі.
Старшынёй камісіі абраны Ігар Сяргееў, галоўны рэдактар мясцовай дзяржаўнай газеты «Дняпровец», а да гэтай пасады - намеснік старшыні райвыканкама па ідэалагічнай і сацыяльнай сферы, намеснікам - Аляксандр Горбач, намеснік старшыні райвыканкама, сакратаром – Анжэла Тачылкіна, якая працуе начальніцай аддзела арганізацыйна-кадравай работы райвыканкама.
Кіраўнічая тройца раённай камісіі – “ветэраны” выбарчых кампаній усіх узроўняў. Так, Ігар Сяргееў у якасці старшыні прымаў удзел у кампаніх па выбарах у 2015, 2017, 2019 і 2020 гадах, Аляксандр Горбач і Анжэла Тачылкіна – таксама не навічкі, паспелі “спрацавацца” ў камісіях па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і выбарах прэзідэнта.
Ды і астатні склад раённай камісіі па рэферэндуме аднавіўся ў гэтым годзе не нашмат, большасць паспела набрацца вопыту на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года.