Утварэнне ТВК на Гарадзеншчыне: кадры - правераныя, альтэрнатывы - няма
Згодна з Каляндарным планам арганізацыйных мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню рэспубліканскага рэферэндуму па пытанні ўнясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь утварэнне тэрытарыяльных камісій павінна быць завершана да 25 студзеня. Прадстаўнікі кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" прааналізавалі склад і асаблівасці стварэння тэрытарыяльных камісій Гродзенскай вобласці.
Усе 17 створаных раённых камісій па рэферэндуме ў Гродзенскай вобласці размешчаны ў будынках райвыканкамаў. Толькі Кастрычніцкая і Ленінская раённыя камісіі горада Гродна размешчаны ў будынках ВНУ, якім і на мінулых выбарах 2019 і 2020 гадоў.
У склад усіх раённых камісій увайшлі пераважна дзяржслужачыя: кіраўнікі справамі райвыканкамаў, супрацоўнікі, начальнікі аддзелаў, спецыялісты органаў выканаўчай улады, якія вылучаліся, як правіла, двумя спосабамі: ад праўладных грамадскіх арганізацый і дзяржарганізацый, (БРСМ, ”Белая Русь”, БСЖ, Фонд міру, арганізацый ветэранаў, ветэранаў вайны ў Афганістане) і па заявах грамадзян.
У некаторыя камісіі дзяржслужбоўцы вылучаліся толькі па заявах грамадзян.
Створаны раённыя камісіі па рэферэндуму на безальтэрнатыўнай аснове. У кожную камісію ўключаныя сябры КПБ.
Усяго было ўтворана камісій: Гродзенская абласная ў складзе 13 чалавек, і 19 раённых камісій, 17 - па Гродзенскай вобласці (16 камісій па 11 чалавек і Ваўкавыская - 10 чалавек) і дзве камісіі ў Гродна (Ленінская і Кастрычніцкая - па 13 чалавек).
Колькасць пададзеных пакетаў дакументаў ад суб'ектаў адпавядаў колькасці месцаў у камісіях, конкурсу па ўключэнні ў камісіі не было, усё прайшло безальтэрнатыўна.
У склад Кастрычніцкай раённай камісіі г. Гродна ўвайшлі двое дзяржслужачых:
Ірына Мірановіч, кіраўнік справамі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна (з 2004 года ў кіраўніцтве камісій па выбарах усіх узроўняў), вылучана ад раённай арганізацыі "Белая Русь" і па заявах грамадзян і Леанід Жук, начальнік аддзела ўпраўлення будаўніцтва і архітэктуры Гродзенскага гарвыканкама, вылучаны па заявах грамадзян.
26 студзеня на першым арганізацыйным пасяджэнні было абрана кіраўніцтва камісіі:і старшыня - Аляксандр Гаўрылік, намеснік галоўнага ўрача БХМД г. Гродна, намеснік – Ірына Мірановіч, кіраўніца справамі адміністрацыі Кастрычніцкага раёна г. Гродна.
У склад Ленінскай раённай камісіі Гродна ўвайшло таксама двое дзяржслужачых - Вадзім Кагут, начальнік аддзела прававой работы і закупак Гродзенскага гарвыканкама, вылучаны ад РГА "БРСМ" і па заявах грамадзян і Віталь Шут, начальнік упраўлення земляўпарадкавання Гродзенскага гарвыканкама.
26 студзеня на першым арганізацыйным пасяджэнні было абрана кіраўніцтва камісіі. Старшыня - Віталь Шут, намеснік - Вадзім Кагут.
У склад Гродзенскай раённай камісіі ўвайшлі трое дзяржслужачых: Святлана Дабрыян, кіраўнік справамі Гродзенскага райвыканкама (узначальвае камісіі з 2004 года). Яе і абралі на пасаду старшыні камісіі.
У склад Лідскай раённай камісіі ўвайшла Ірына Юч, кіраўніцтва справамі Лідскага райвыканкама. Воранаўскай - Галіна Марцінкевіч, кіраўнік спраў Воранаўскага райвыканкама, Свіслацкай - Георгій Сычэўнік, кіраўнік справамі Свіслацкага райвыканкама.
Ва ўсіх астатніх раённых камісіях вобласці таксама абавязкова прысутнічаюць кіраўнікі справамі райвыканкамаў.