Без апазіцыі. Як у Беларусі ствараліся тэрытарыяльныя камісіі па рэферэндуме
У Беларусі ўжо ўтварыліся тэрытарыяльныя камісіі па рэферэндуме. Усяго ў склад 153 камісій вылучаліся 1935 грамадзян, прадстаўнікоў партый, грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў. Сярод іх — толькі 20 прадстаўнікоў апазіцыйных партый па ўсёй Беларусі: «Зялёныя», Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), «Справядлівы свет», але і іх не ўключылі ў склад камісій. А вылучэнцаў ад партыі Гайдукевіча (Ліберальна-дэмакратычнай партыі) дапусцілі да камісій ў напалову скарочаным складзе. Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» прааналізавала склады тэрытарыяльных камісій па рэферэндуме і тлумачаць, з чым звязаная адсутнасць апазіцыі ў выбаркамах.
Жаночыя, без моладзі і без апазіцыі. Якія яны — тэрытарыяльныя камісіі?
У склад 153 выбарчых камісій увайшло 1857 чалавек. З іх — 400 дзяржаўныя служачыя (больш за 20 %). Прадстаўнікі праўладных грамадскіх аб’яднанняў, партый і прафсаюзаў склалі амаль 60 % ад усяго складу тэрытарыяльных камісій (1 099 чалавек). У склад камісій па рэферэндуме не дапусцілі ўсіх 18 прадстаўнікоў партыі «Справядлівы свет», а колькасць прадстаўнікоў партыі Ліберальна-дэмакратычнай партыі скарацілі больш, чым у два разы (з 12 прайшлі 5). Але амаль усе камуністы па рэспубліцы, якія вылучаліся ў склад камісій, прайшлі: 80 з 82.
Амаль аднолькавы колькасны адсотак складаюць прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў, такія як БРСМ, «Белая Русь», Беларускі саюз жанчын, аб’яднанне ветэранаў — па 105-150 чалавек. 17% складу тэрытарыяльных камісій складаюць прадстаўнікі праўладных прафсаюзаў.
Колькасць членаў тэрытарыяльных камісіяў ва ўзросце да 30 гадоў склала мінімальны адсотак — крыху больш за 4% (78 чалавек).
Традыцыйна, большасць членаў камісіі з’яўляюцца жанчыны — гэта больш за 65% (1213 жанчын).
Кампанія «Праваабаронцы за свабодныя выбары» распавядае пра вылучэнне ў склады Мінскай гарадской, абласных і раённых камісій.
У Мінгаркам вылучаліся прадстаўнікі «Зялёных» і Грамады, але яны не прайшлі адбор
У склад Мінскай гарадской выбарчай камісіі вылучаліся — 16 чалавек. З іх толькі чатыры — самавылучэнцы, то бок, тыя, хто сабраў не менш дзесяці подпісаў у сваю падтрымку, 12 — ад грамадскіх аб’яднанняў, ад працоўных калектываў не вылучаліся ў склад Мінгаркама.
Мінгаркам — адзіная камісія, у склад якой вылучаліся прадстаўнікі традыцыйных палітычных партый. Гэта Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) і Беларускай партыі «Зялёныя». Ад партыі БСДП вылучаўся першы намеснік старшыні партыі Аляксей Сігаеў, але яго не ўключылі ў склад Мінскай гарадской выбарчай камісіі. Ён быў адзіным прадстаўніком БСДП, каго вылучылі ў склад камісіі гэтага ўзроўню. Таксама ў склад камісіі не ўвайшлі прадстаўнікі Беларускай партыі «Зялёныя» і Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» (па аднаму чалавеку).
Больш за ўсё камуністаў. Што па абласных камісіях?
У Беларусі створана ўсяго шэсць абласных камісій па рэферэндуме. У іх склад вылучаліся 88 чалавек, але 12 чалавек не прайшлі адбор. 13 партыйцаў вылучаліся ад партыі левых «Справядлівы свет», Камуністычнай партыі і Ліберальна-дэмакратычнай партыі (партыя Алега Гайдукевіча). У выніку, прадстаўнікі партыі «Справядлівы свет» наогул не ўвайшлі ў склады камісій па ўсёй Беларусі. У склады абласных камісій вылучаліся шэсць камуністаў (гэта амаль 7 %) і ўсе яны прайшлі адбор.
48 чалавек вылучаліся ад грамадскіх аб’яднанняў і прафсаюзаў — «Белай Русі», БРСМ, Саюза жанчын. З іх адбор не прайшлі толькі два чалавекі. У склад абласных камісій вылучаліся 24 самавылучэнцы і тры — ад працоўных калектываў.
Амаль 70% складу раённых камісій — жанчыны
У Беларусі традыцыйна ўтварылася 118 раённых камісій. У іх склад вылучаліся 1443 чалавекі, з іх не прайшлі адбор 24 чалавекі. Тут самая вялікая колькасць вылучэнцаў ад грамадскіх аб’яднанняў, партый, прафсаюзаў — гэта 872 чалавекі (больш за 60 %). Апазіцыйныя партыі ў раённыя выбарчыя камісія таксама не вылучалі сваіх прадстаўнікоў. Больш за ўсё вылучэнцаў —камуністаў (56) і яшчэ пяць ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі і «Справядлівага свету». Усе 56 камуністаў сталі членамі раённых камісій, у адрозненні ад партыйцаў ЛДП і «Справядлівага свету».
У складзе раённых камісій самы вялікі адсотак жанчын — амаль 70% (966 жанчын). З 476 грамадзян, якія вылучаліся ў склады камісій шляхам збору подпісаў, не прайшлі адбор толькі восем чалавек. Для таго, каб вылучыцца ў склад камісій шляхам падачы заявы, трэба сабраць не менш за дзесяць подпісаў.
Як заўважыў карэспандэнт «Ганцавіцкі час», на інтэрнэт-старонках райвыканкамаў Брэсцкай вобласці былі апублікаваны аб'явы аб прыёме дакументаў па вылучэнні прадстаўнікоў у раённыя камісіі па рэферэндуме.
На прыём дакументаў адводзілася ўсяго два дні – 21 і 22 студзеня (пятніца і субота). Але на сайтах выканкамаў абʼявы былі апублікаваны ў канцы працоўнага дня 21 студзеня, або па яго сканчэнні. А трэба яшчэ сабраць 10 подпісаў у сваю падтрымку.
- Ганцавіцкі райвыканкам апублікаваў абвестку 21 студзеня ў 17.19.
- Пружанскі – у 17.33
- Кобрынскі – у 16.52
- Пінскі – у 16.51
- Баранавіцкі – у 16.47
- Івацэвіцкі – у 16.45
«На рэферэндуме мы не ўбачым прадстаўнікоў апазіцыі ў тэрытарыяльных камісіях»
Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што прычынай адсутнасці прадстаўнікоў апазіцыі ў тэрытарыяльных камісіях з’яўляецца, у тым ліку, глыбокі грамадска-палітычны крызіс, які распачаўся адразу пасля выбараў прэзідэнта 2020 года, вельмі цяжкая атмасфера рэпрэсій супраць нелаяльных уладам.
«Мала хто чакаў актыўнасці апазіцыйных структур на гэтым этапе падрыхтоўкі і правядзення рэферэндуму, улічваючы выпаленае палітычнае поле. Але тым не менш, 20 прадстаўнікоў апазіцыйных партый былі вылучаныя ў тэрытарыяльныя камісіі. Аб'ектыўным паказчыкам уключэння розных палітычных сіл у склад камісій з'яўляецца суадносіны ліку, якія ўвайшлі ў склад камісій прадстаўнікоў да колькасці вылучаных прадстаўнікоў. У трох апазіцыйных палітычных партый гэты паказчык роўны нулю, у пяці праўладных грамадскіх аб'яднанняў і прафсаюзаў ФПБ – 99,17% , у праўладных палітычных партый – 74,16%, у груп грамадзян – 95,78%, у працоўных калектываў – 93,85%.
Да гэтага трэба дадаць, што традыцыйна актыўныя ў электаральных кампаніях Рух "За Свабоду" і "Гавары праўду" летась былі пазбаўленыя дзяржаўнай рэгістрацыі і не могуць вылучаць сваіх прадстаўнікоў. Такім чынам, на рэферэндуме мы не ўбачым прадстаўнікоў апазіцыі ў тэрытарыяльных камісіях», – адзначаюць прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
Асноўны дзень усенароднага галасавання па пытаннях унясення змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю адбудзецца 27 лютага. Датэрміновае галасаванне пройдзе з 22 па 26 лютага ўключна. На рэферэндум выносіцца толькі адно пытанне: «Ці прымаеце вы змены і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?»
Прапануемыя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю можна знайсці тут.