Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Па Гродне і вобласці не апублікавалі вынікі рэферэндуму

Цэнтрвыбаркам Беларусі зацвердзіў вынікі рэферэндуму па ўнясенні правак у Канстытуцыю – за змены ў асноўны закон краіны выказаліся 82,86% удзельнікаў рэферэндуму. 4 сакавіка Лукашэнка падпісаў "рашэнне рэспубліканскага рэферэндуму". Пры гэтым "Праваабаронцы за свабодныя выбары" адзначаюць, што вынікі галасавання рэферэндуму не былі апублікаваныя на сайтах аблвыканкамаў, гарвыканкамаў і райвыканкамаў. Упершыню за ўсе гады праведзеных выбараў не публікуецца інфармацыя аб выніках галасавання па Гродзенскай вобласці.

Так, на сайтах Гродзенскага аблвыканкама, гарвыканкама, 17 райвыканкамаў вобласці, Кастрычніцкай і Ленінскай адміністрацый Гродна адсутнічала інфармацыя пра дату пасяджэнняў выбарчых камісій па сцвярджэнні пратаколаў, вынікаў галасавання па рэферэндуму. Не апублікаваныя таксама на сайтах вынікі галасавання.

Банеры рэферэндуму-2022 павыдалялі з сайтаў Гродзенскага аблвыканкама, гарвыканкама і 12 райвыканкамаў Гродзенскай вобласці. Яшчэ не выдаленыя банеры рубрыкі рэферэндум 2022 з сайтаў Кастрычніцкай і Ленінскай адміністрацый Гродна і пяці райвыканкамаў (Зэльвенскага, Шчучынскага, Астравецкага, Смаргонскага, Лідскага).

У Гродзенскай абласной газеце і ў раённых не апублікаваная інфармацыя па выніках галасавання. На сайтах органаў выканаўчай улады, дзяржСМІ апублікаваная толькі агульная інфармацыя з БелТА па выніках рэферэндуму па ўсёй краіне.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"