Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Светлагорск: абмяркоўваюць "Дэкларацыю ў падтрымку рэферэндума»

Светлагорскі райвыканкам. Фота: Радыё Свабода.
Светлагорскі райвыканкам. Фота: Радыё Свабода.

У Светлагорску напярэдадні аб’яўленага ўладамі рэферэндума па ўнясенні зменаў у Канстытуцыю на допыты выклікаюць актыўных грамадзян. Адначасова арганізуюцца пасяджэнні ў «падтрымку рэферэндуму», з адказнымі «за падрыхтоўку тэкстаў выступленняў».

Як паведамілі "Гомельскай Вясне" са Светлагорску, у апошнія дні павесткі на допыты атрымалі актыўныя грамадзяне, якія раней прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Допыты праводзіць старшы следчы Блоцкі А. А. у раённым аддзеле Следчага камітэта. Прычым раней гэтыя грамадзяне ўжо выклікаліся на падобныя допыты, але напярэдадні рэферэндуму зноў узнікла неабходнасць.

Адначасова праз праўладныя структуры арганізуецца «падтрымка рэферэндуму». Сярод дакументаў, якія апынуліся ў журналістаў – пастанова «Аб правядзенні пасяджэння Савета Светлагорскага раённага аб’яднання прафсаюзаў», у павестцы дня якога – «Дэкларацыя ў падтрымку рэферэндума». У плане падрыхтоўкі пасяджэння, які прыкладзены да пастановы, вызначаны і 5 адказных «за падрыхтоўку тэкстаў выступленняў».

У названы Савет уваходзяць 77 чалавек (66 з іх – жанчыны, 35 з якіх працуюць у дзяржаўных бюджэтных установах). Але рашэнні, падобныя «Дэкларацыі ў падтрымку рэферэндума», падаюцца ад імя «шматтысячнага прафсаюзнага аб’яднання Светлагорскага раёна».

Прапануемыя змены і дапаўненні ў Канстытуцыю можна знайсці тут.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"