Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Дэградацыя палітычнай барацьбы: чатыры партыі вылучылі ў склад акруговых камісій па рэферэндуме толькі 89 сябраў

Пікет партыі БНФ пад час рэферэндума ў 1992 годзе. Фота У. Сапагова.
Пікет партыі БНФ пад час рэферэндума ў 1992 годзе. Фота У. Сапагова.

Партыйны склад тэрытарыяльных выбарчых камісій у Беларусі памяншаецца з правядзеннем кожнай наступнай электаральнай кампаніі.

Калі параўнаць склад камісій, утвораных пад час выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 2019 года, выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе і правядзення рэферэндуму сёлета, лёгка заўважыць, што партыйны ўплыў на іх працу сыходзіць практычна на нішто. Асабліва гэта тычыцца апазіцыйных партый.

Згодна са спісам палітычных партый, зарэгістраваных Міністэрствам юстыцыі Рэспублікі Беларусь па стане на 2019 год, у краіне налічвалася 19 партый. Нягледзячы на тое, што значная частка іх з’яўлялася “кішэннымі” і актывізоўвалася толькі пад час правядзення выбараў, 12 партый вылучылі ў склад акруговых камісій на парламенцкіх выбарах 375 сваіх сяброў, ва ўчастковыя камісіі – 3 784 сябра.

Літаральна праз год, паводле звестак аб складзе тэрытарыяльных выбарчых камісій па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусі ў 2020 годзе, толькі сем партый змаглі абазначыць сваю прысутнасць у камісіях: тэрытарыяльных – 152, участковых – 3723 сябра.

Зусім бязрадасны малюнак назіраецца ў гэтым годзе пад час правядзення рэспубліканскага рэферэндума па зменах у Канстытуцыю краіны. У складзе тэрытарыяльных камісій прадстаўлены толькі чатыры партыі. Гэта Камуністычная партыя Беларусі, Ліберальна-дэмакратычная партыя, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці і Сацыял-дэмакратычная партыя Народнай Згоды.

У склад акруговых камісій па рэферэндуме яны змаглі вылучыць толькі 89 сваіх сябраў. Ніводнай апазіцыйнай партыі ў складзе камісіі не прадстаўлена.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"