Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Улады Віцебшчыны праінфармавалі аб тым, хто будзе працаваць у камісіях па рэферэндуме

Пасяджэнне выбарчай камісіі, Флта ілюстрацыйнае.
Пасяджэнне выбарчай камісіі, Флта ілюстрацыйнае.

На сайтах райвыканкамаў Віцебскай вобласці, за рэдкім выключэннем, можна знайсці поўную інфармацыю аб складах раённых камісій па правядзенні рэферэндуму па прыняцці дапаўненняў і змяненняў у дзеючую канстытуцыю краіны, а таксама хто ўваходзіць у іх кіраўніцтва, па якіх адрасах размешчаны камісіі і па якіх графіках яны працуюць.

І хоць у выбарчым заканадаўстве няма канкрэтнага патрабавання публікаваць склады раённых камісій на сайтах выканаўчых органаў улады, а толькі паведаміць гэтыя дадзеныя ў друку (г.зн. на старонках раённых газет), тым не менш інфармацыя аб сябрах камісій з'явілася пад час гэтай электаральнай кампаніі шмат дзе.

Аднак ёсць выканкамы, якія не імкнуцца публікаваць на сваіх сайтах інфармацыю аб складах створаных тэрытарыяльных камісій. 

Так, на сайце Сенненскага райвыканкама (старшыня - Ігар Мароз) вечарам 28 студзеня была змешчаная інфармацыя, у якой дадзеныя толькі звесткі аб старшыні Сенненскай раённай камісія па рэферэндуме, яго намесніку і сакратару. Звесткі аб астатніх членах камісіі і якім чынам яны вылучаліся, адсутнічае. На сайце Расонскага райвыканкама (старшыня - Уладзімір Быкаў) інфармацыя аб камісіях адсутнічае цалкам. 

Усе раённыя камісіі па правядзенні рэферэндуму маюць па 13 сяброў, што з'яўляецца мінімальнай колькасцю, прадугледжанай выбарчым заканадаўствам. 

Прадстаўнікоў партый сярод сябраў камісій - мінімальная колькасць, а ў складзе кіраўніцтва камісій і сакратароў - іх і зусім няма. 

На 338 сябраў камісій, у тым ліку і Віцебскай абласной, прыпадае 11 сябраў Камуністычнай партыі Беларусі, што складае ўсяго толькі 3% ад агульнай іх колькасці. Сябраў іншых партый, як апазіцыйных, так і праўладных, няма, падлічыла "Віцебская Вясна".

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"